Адданасць сваёй зямлі — адно з самых моцных і высакародных пачуццяў, якое звязвае чалавека з Радзімай, прыродай і гісторыяй яго народа. Такі чалавек глыбока паважае і беражэ зямлю, на якой вырас, працуе на карысць сваіх людзей і імкнецца захаваць прыродную і культурную спадчыну для будучых пакаленняў. Ён часта становіцца прыкладам, натхняючы на павагу да навакольнага свету і пачуццё адказнасці за будучыню сваёй краіны.
Загадчык участка СВК “Жухавічы” Валерый Максімавіч Грамыка — яркі прыклад адданасці сваёй працы і роднай зямлі. Мужчына нарадзіўся ў вёсцы Амневічы Карэліцкага раёна. Маці — заслужаная калгасніца, бацька — інвалід вайны.
— Усё маё дзяцінства прайшло ў вёсцы, — расказвае Валерый Максімавіч. — Паколькі тата інвалід вайны, трэба было дапамагаць бацькам, таму з 11 гадоў я ўжо працаваў. Мабыць, гэта і паўплывала на выбар маёй сферы дзейнасці.
Вучыўся Валерый Максімавіч у Ваўковіцкай сярэдняй школе, дзе скончыў 8 класаў. Пасля заканчэння паступіў у Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум.
— Калі сабраўся паступаць, нікому не сказаў, куды. Проста паехаў і здаў экзамены. Першы экзамен здаў добра, але на другі спазніўся, таму пайшоў забіраць дакументы. Але прыёмная камісія не дазволіла гэтага зрабіць. Члены камісіі паглядзелі на вынікі першага экзамену і вырашылі пайсці мне на саступкі. Так я здаў другі экзамен і паступіў у тэхнікум.
Вучыўся у тэхнікуме Валерый Грамыка старанна, спасцігаў навуку, бо ведаў: хутка гэта спатрэбіцца на практыцы. Пасля заканчэння паехаў разам з сябрам у Магілёўскую вобласць працаваць.
— На самой справе, у мяне было накіраванне ў Карэліцкі раён, бо тата быў інвалідам вайны другой групы. Але на тое, што я вырашыў паехаць у Магілёўскую вобласць, ён нічога не сказаў, акрамя: “Нічога, адпрацуеш і вернешся”.
Так і адбылося. Там юнак і адпрацаваў, там і ажаніўся. У родны раён Валерый Максімавіч вярнуўся з сям’ёй, адразу трапіў у калгас імя Гастэлы, зараз гэта СВК “Свіцязянка-2003”.
— У калгасе працаваў загадчыкам участка, але мала, бо патрэбна было жыллё, паколькі я сямейны чалавек. З гэтым, на жаль, была праблема. Па дапамогу я звярнуўся ў Карэліцкі райвыканкам, дзе мне параілі ісці працаваць у калгас імя Жалезняковіча. На той момант старшынёй быў Піліп Багушэвіч. Спачатку прыйшоў працаваць у Пясочную, там нават пачаў будаваць дом, але абставіны склаліся іначай. Пайшоў з жыцця загадчык участка ў Жухавічах, і мяне адразу перавялі сюды.
Валерыю Максімавічу не ўдалося шмат папрацаваць і на новым месцы, прызвалі ў армію. І там лёс мужчыны склаўся вельмі цікава.
— Акрамя любові да роднай зямлі, у мяне моцная любоў да музыкі, якая зарадзілася яшчэ ў школе. У школе дзейнічаў духавы аркестр, куды з Навагрудка прыязджаў настаўнік, які кіраваў калектывам. У аркестр трапіў і я. Граў на саксафоне і басгітары. Увогуле я самавучка, але па нотах мне граць лягчэй, чым на слых. У тэхнікуме таксама граў. Таму і ў арміі я служыў у ваенным аркестры, быў камандзірам аддзялення ваенных музычных аркестраў. Акрамя гэтага, быў намеснікам камандзіра ўзвода ваенізаванай пажарнай каманды. Там атрымаў адпаведную адукацыю, якую можна было б выкарыстаць пасля арміі для службы ў МНС. Але я ўсё ж такі выбраў працу на роднай зямлі, у сельскай гаспадарцы.
Пасля двух гадоў службы Валерый Грамыка вярнуўся ў калгас і дзесяць гадоў працаваў загадчыкам ферм у Бурдзевічах і Негнічах, па сумяшчальніцтве — аграном участка. Акрамя працы, мужчына сумяшчаў і вучобу ў Ленінградскім сельскагаспадарчым інстытуце ў Царскім Сяле.
— Вучыўся завочна і вучыўся нядрэнна. Пісаў дыпломную работу па меліярацыі. Пасля яе абароны мне прапанавалі паступіць у аспірантуру, застацца працаваць і перавезці сям’ю. Майму кіраўніку вельмі спадабалася яшчэ адна мая работа па раслінаводстве на тэму вытворчасці бульбы. Пра яе ён казаў, што гэта гатовая работа для паступлення ў аспірантуру. Але я зноў зрабіў свой выбар на карысць сельскай гаспадаркі.
З 1996 года па сённяшні дзень Валерый Максімавіч працуе загадчыкам участка ў СВК “Жухавічы”. Сваім жыццём і работай мужчына задаволены.
— За гады сваёй працы шмат чаго дасягнуў. Вядома, дзякуючы людзям, з якімі працаваў. Шмат прапаноў за гэты час ад іншых гаспадарак да мяне паступала, але я адну гаспадарку на другую не мяняю. Як прыйшоў сюды, так і застаўся.
Валерый Грамыка мае шмат узнагарод. Сярод іх абласныя, Міністэрства сельскай гаспадаркі, рэспубліканскія, быў на раённай Дошцы пашаны. У 2024 годзе быў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”.

— Прыемна, калі тваю працу і намаганні цэняць. Адзначылі — значыць дастойны.
Калі размова ідзе пра ўзнагароды, то ў памяці Валерыя Максімавіча адразу ўсплывае момант, калі яго маці таксама атрымала медаль:
— Гэта быў 1972-1973 год прыблізна. Сядзяць неяк маці з бацькам з гэтым медалём, і бацька кажа: “Вось, Сашка (так звалі маці), заслужыла ты медаль за свае намаганні. Ты амаль усё жыццё аддала працы ў калгасе. А я заслужыў свой медаль за адзін бой. Але якой цаной. Так што беражы яго”.
За шматгадовую працу ў галіне сельскай гаспадаркі змянілася вельмі шмат, пра што і ўзгадвае Валерый Грамыка:
— Раней існавала шмат дробных гаспадарак, якія потым аб’ядноўваліся ў больш магутныя калгасы. І я лічу, што гэта правільна, бо гаспадарка павінна быць магутнай і вялікай. Калі хто памятае, то СВК “Жухавічы” — гэта два аб’яднаных калгаса: імя Жалезняковіча і “Перамога”, якія таксама ўтварыліся далучэннем яшчэ меншых гаспадарак. У момант перабудовы, у 90-х гадах, калгасы прыйшлі ў заняпад, але з выбраннем на пост Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі яны атрымалі другое дыханне і пачалі развівацца.
У нашым калгасе асаблівага заняпаду не было, мы трымаліся. Раней у мяне на ўчастку было 19 трактароў: трактар “Беларус”, гусенічныя трактары і іншыя. Калі зломіцца адзін трактар — вялікая бяда, бо спыняецца працэс апрацоўкі зямлі. Зараз на нашым узбраенні 6-7 трактароў. Тэхніка дазваляе зрабіць 2-3 віды апрацоўкі за адзін праход. Таму пасяўная праводзіцца двума агрэгатамі, іх хапае, і ўсе тэхналагічныя працэсы праводзяцца ў тэрмін.
Раней на першым участку працавала 15-16 жанчын і 4 мужчыны. На другім — 15 чалавек. Кожнаму трэба было работу даць. Цяпер усё механізуецца, абнаўляецца, фермы мадэрнізуюцца. Ад гэтага і паказчыкі растуць. Напрыклад, раней надой на карову складаў дзве тысячы кілаграмаў, а рэкордным паказчыкам было чатыры тысячы кілаграмаў. Зараз гэты паказчык дасягае дзевяці-дзесяці тысяч кілаграмаў малака.
У сваёй рабоце Валерый Максімавіч прынцыповы, адказны, цвёрды. У адказ на пытанне пра кар’ерную лесвіцу адказвае проста:
— Не з маім характарам будаваць кар’еру. Жонка неаднаразова заводзіла гутаркі на гэтую тэму, але мой адказ быў такі: “Лепей быць харошым брыгадзірам, чым дрэнным кіраўніком”. Я вельмі ўдзячны тым людзям, якія працавалі разам са мной. Гэта былі людзі, адданыя сваёй працы. Зараз людзі крыху іншыя. Раней была мэта “колькі зрабіць”, а зараз “колькі зарабіць”. Раней я заўсёды ўдзельнічаў у спаборніцтвах паміж загадчыкамі ўчасткаў і заўсёды быў у лідарах. Мая змена прайшла, пакуль будзе дазваляць здароўе, буду працаваць. Я стараюся ісці ў нагу з часам і саступаць месца маладым. Я задаволены сваім жыццём, сваёй працай, сваімі дасягненнямі. Жыццё цікавае, але хуткаплыннае. Працу ў сельскай гаспадарцы лёгкай назваць нельга, але гэта высакародная праца. І тое, што мы робім сёння, дасць свой плён у будучым.
Кацярына ЖАМОЙДА
Фота аўтара























