Да выхаду на пенсію кожны адносіцца па-свойму. Для адных — гэта доўгачаканы момант у жыцці, калі можна адпачыць і заняцца любімай справай. Другіх хвалюе тое, як будуць бавіць час у адзіноце. Трэція адносяцца спакойна: будзе як будзе — пакажа час. Ва ўсялякім разе выігрывае менавіта той, хто, нягледзячы на сталы ўзрост, знаходзіць у сабе сілы і любімыя захапленні — і прадаўжае трымацца на плыву жыцця. Пацвярджэнне таму — сённяшняя гераіня творчага праекта «Актыўнае даўгалецце 65+» Зінаіда Іванаўна Бабань з г.п. Карэлічы.
— Зінаіда Іванаўна, згадзіцеся, што старасць — гэта не прыгавор, а дар: за плячыма — вялікае пражытае жыццё, і гады на пенсіі можна прысвяціць сабе. Якія меркаванні ў Вас на гэты конт?
— Пайсці на заслужаны адпачынак — узняцца па чарговай лесвіцы жыцця, а што рабіць — кожны вырашае сам. Галоўнае: не падаць духам, прадаўжаць жыць, займацца справай. Я працавала на пенсіі трынаццаць гадоў: шэсць з паловай на ААТ «Карэлічы-Лён» і столькі ж — у дзіцячым садку № 2 г.п. Карэлічы.
— Як прынялі рашэнне наведваць Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна?
— Мяне запрасіла загадчык аддзялення Цэнтра Вольга Сяргееўна Жук. Тым больш, што суседкі ўжо яго наведвалі, і ў іх пра ўстанову былі самыя добрыя водгукі. Я вырашыла таксама хадзіць — і мне тут вельмі спадабалася.
— Вашы заняткі ў Цэнтры носяць рознабаковы характар. На чым спынілі свой выбар?
— Займаюся ў гуртках «Кудесница» і «Шаги к здоровью». З’яўляюся валанцёрам. Гэта дае зносіны з людзьмі, захапленні для душы, карысна праводжу вольны час.
— Пра Вас адгукаюцца як пра добразычлівага чалавека. Быць добрым няпроста, не ўсе разумеюць шчырае жаданне дапамагаць людзям. Вы выпрацоўваеце гэтую рысу характару, ці яна перадалася ад родзічаў?
— Мае бацькі былі сялянамі, працавалі на зямлі і нас, дзяцей, прывучалі да працы. У сям’і выхоўваліся васьмёра дзяцей. Акрамя працавітсці, вучылі дабрыні. Ладзілі з суседзямі і дапамагалі ім.
— У жыцці чалавека важнае месца займае абраная справа. Дзе давялося працаваць? Якое значэнне надаяце працы?
— Усё жыццё працавала работніцай на патоку, была брыгадзірам на ААТ «Карэлічы-Лён». Праца для мяне —гэта ўсё, любіла сваю справу і старанна працавала. Гэтаму вучыла іншых, і мы выконвалі даведзеныя заданні.
— Скажыце, дзяцей таксама прывучалі да працы? Зараз не даводзіцца чырванець за іх ?
— Сын Анатолій з жонкай Галінай працуюць на ферме ў вёсцы Новае Сяло: яна — загадчыцай, ён — даглядчыкам. Дачка Марына — швачка швейнага цэху ААТ «Карэлічы-Лён». Радуюць чацвёра ўнукаў і чатыры праўнукі. За іх мне не сорамна: дзеці працавітыя, унукі добра вучыліся ў школе, Дзіма і Юля закончылі школу з залатым медалём.
— Існуе меркаванне, што пажылому чалавеку ў старасці патрэбны пяць рэчаў: хобі, павага, самарэалізацыя, любоў, магчымасць заставацца сабой. У Вас ёсць гэта?
— Маё хобі — праца. Павага існуе ў сям’і. Адпрацавала на льнозаводзе з 1978 па 2013 год. Ёсць і любоў да дзяцей і роднай старонкі. Імкнуся заставацца сама сабой.
— Людзі састарэлага ўзросту найчасцей вядуць размову пра здароўе. Бясспрэчна, гэта найвялікшая каштоўнасць. А якое значэнне яму надаяце?
— Здароўе — галоўнае ў жыцці, удзяляю яму вялікае значэнне. Вось таму наведваю фізкультурны гурток у ЦСАН. Яшчэ люблю працаваць на зямлі. Стараюся пастаянна быць у руху. А рух, зносіны з людзьмі, любімыя захапленні — радасць на душы і вялікая карысць.
— Вы любіце наведваць святы, якія праводзяцца на Карэліччыне?
— Стараюся наведваць усе, у тым ліку і царкоўныя. Вельмі добра, што іх праводзіцца шмат, і яны цікавыя. Тут адпачываю душой, і прыходзіць добры настрой.
— Чалавеку патрэбны чалавек. А ў Вас ёсць сапраўдныя сябры, з якімі можна падзяліць боль і радасць?
— Хачу адзначыць Людмілу Пятроўну Гоўшу і Марыю Пятроўну Бучацкую. Мы сябруем, ходзім у гурткі ЦСАН, адзначаем святы.
— Чаго найбольш хочацца жанчыне ў залатым узроце?
— Здаровай быць, і каб быў мір на зямлі. Жыццё — цудоўная рэч, і хочацца пажыць даўжэй.
— Людзі ў пажаданнях часта зычаць адзін аднаму цярпення. І гэта бясспрэчна: цярпенне — не слабасць, гэта паказчык унутранага рэсурсу. У Вас заўсёды і на ўсё хапае яго?
— Так. Часам стараюся прамаўчаць, каб не было разнагалоссяў з сям’ёй і сябрамі.
— У сродках масавай інфармацыі людзей састарэлага ўзросту заклікаюць заставацца актыўнымі. І гэта не выпадкова: актыўнасць падтрымлівае мышцы, паляпшае памяць, паніжае рызыку дэпрэсіі.
— Гэта правільнае меркаванне. Наведваю гурткі Цэнтра, удзельнічаю ў мерапрыемствах, дапамагаю людзям, раблю карысныя справы.
— Душа жанчыны прагне прыгажосці, і гэтае жаданне з гадамі застаецца.
— Люблю ўсё прыгожае на зямлі: кветкі, рэчы і людзей прыгожай душы.
— У выпусках творчага праекта «Актыўнае даўгалецце 65+» як вядучая імкнуся дастукацца да сэрцаў чытачоў. Вы выпісваеце і чытаеце раённую газету «Полымя»?
— Так. У раёнцы стараюся прачытаць усе артыкулы і навіны. Асабліва цікавіць тое, што адбываецца на Карэліччыне.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ























