Усё далей і далей адыходзяць ад нас падзеі мінулай вайны. І мы — апошняе пакаленне, якое яшчэ можа сустрэцца з людзьмі, чыё дзяцінства было апалена вайной, чые салодкія дзіцячыя сны неаднойчы перарываліся стралянінай і выбухамі, у чыіх вачах адлюстроўваліся страшныя сполахі пажараў, паслухаць іх успаміны, адчуць боль страт, пакуты і страх, якія ім давялося перажыць.
Каб ведаць, каб помніць, каб рабяты зразумелі, што фільмы і кнігі пра вайну – гэта не выдумка пісьменнікаў і рэжысёраў, а страшная рэальнасць, кіраўніком школьнага музея Л.І. Пляскач быў наладжаны цыкл сустрэч з пакаленнем “дзеці вайны”. Ніхто з тых жанчын, з кім дамаўляліся аб сустрэчы, не адмовіў. Наадварот, з беларускай гасціннасцю, з мацярынскай дабрынёй і пяшчотай сустракалі нас. Добрая ўсмешка на вуснах, іскрынкі радасці ў вачах і добрыя пажаданні. Гэта першае, што мы чулі і бачылі. А потым былі ўспаміны. І па ўсім было відаць, як цяжка ім было вяртацца ў тыя вогненныя гады. Жанчыны то гаварылі, то раптам на некалькі хвілін замаўкалі, вяртаючыся ў сваё апаленае вайной дзяцінства. А сённяшнія дзеці слухалі, і ў іх вачах быў страх. Яны бачылі перад сабой жывых сведкаў, хто на свае вочы бачыў вайну, хто сваім сэрцам адчуў боль, пакуты, жах, хто бачыў, як гараць цэлыя вёскі, каму давялося прайсці праз цяжкія выпрабаванні блакады. Тады яны былі маладзейшыя за сваіх слухачак.
Жанчыны ўспаміналі ўрыўкамі, якія засталіся ў дзіцячай памяці, гаварылі пра сваіх бацькоў, якія ўвесь час хваляваліся і за сваіх дзяцей, і за сябе; пра голад, які быў пастаянным спадарожнікам, пра страшныя дні блакады, і пра чалавечнасць: як бы ні было цяжка самім, але дапамагалі тым, каму было яшчэ цяжэй, давалі прытулак, дзяліліся апошнім кавалкам хлеба.
Сёння некаторых з іх ужо няма сярод нас, але іх успаміны аб жахах вайны будуць жыць у нашай памяці.
Бусько Антаніна Арсеньеўна ўспамінае:

— Страшна было, не дай Гасподзь. Не дай Бог успамінаць пра вайну і не дай Бог яе бачыць. Немцы здзекаваліся, як хацелі. Помню, Настуля падаіла карову сваю, немцы яе за гэта расстралялі, не мела права даіць. А дзяцей нечым трэба было карміць. Увосень часта нас выганялі з хат на выган, апранацца не давалі. Стаялі мы, дарослыя і дзеці, і не ведалі, чаго чакаць. А немцы ды паліцаі з кулямётаў і аўтаматаў стралялі паверх галоў. Маці тулілі да сябе дзяцей, уратаваць ад куль хацелі. Была ў нас Пракопіха. Хворая яна была. Не разумела, што адбывалася. Прыйшлі да яе, пастукалі ў акно, каб выходзіла, а яна засмяялася. Завялі яе нелюдзі на агарод і расстралялі.
Мне давялося некалькі тыдняў навучацца пры немцах у школе. Не самі ішлі, прымусілі нас. Хадзілі мы ў Ярэмічы. Аднойчы нас усіх выгналі на вуліцу, спецыяльна гэта зрабілі, каб мы бачылі, як яўрэяў вядуць. Страшна было глядзець, як гэтыя людзі ідуць на смерць. Малая я была, але разумела, куды іх вядуць. Па ўсім было відаць: гэтыя людзі разумелі, што з імі будзе. Ішлі яны спакойна, я не помню, каб хто плакаў ці крычаў або прасіў аб літасці. Іх за Нёман павялі, там расстралялі. Гаварылі, што некалькі дзён яшчэ зямля варушылася… забітых і параненых засыпалі зямлёй.
Памятаю, як бамбілі Быковічы. Мы, наіўныя дзеці, схаваліся пад печчу, думалі, што там можна ўратавацца. А другі раз пабеглі хавацца ў Ярэмічы. На другі дзень у Ярэмічы панаехала немцаў. Мы хутчэй дадому ўцякаць. Злавілі нас. У Быковічах у адной з хат штаб немцаў быў. Там Башмак камандаваў, яго людзі так празвалі, таму што замест нагі была кульця. Мяне на допыт прывялі. І цяпер перад вачымі стаіць немец і яго перакладчык. Дзякуй Богу адпусцілі.
Ваўчок Людміла Платонаўна дзеліцца ўспамінамі:

— Калі вайна пачалася, мне было 7 гадоў. Добра помню, як нашы адступалі за Нёман. Кідалі машыны, бо не было бензіну. Нашы вяскоўцы прыносілі салдатам ваду ды ежу, медыкаменты. Параненыя размяшчаліся ў Вілюцінай хаце. Пасля яны ў партызаны пайшлі. Вельмі добра засталася ў памяці адна страшная карціна. Немцы злавілі маладога салдата. Скруцілі калючым дротам. Ён увесь у крыві ляжаў на сырой зямлі. Страшна катавалі яго, доўга, каб бачылі і баяліся. Калі побач не было немцаў ці паліцаяў, вяскоўцы хацелі яму хоць чым дапамагчы, а ён гаварыў: “Мне ўжо нічога не дапаможа, а вас пакараюць”. Як яму ні было балюча, не пра сябе думаў, пра нас. Пасля расстралялі гэтага салдата, а мы і імя яго не ведалі.
Хоць вайна ішла, але трэба было нешта есці. Таму працавалі. Працавалі як дарослыя, так і малыя. Радаваліся кожнаму зярнятку, кожнай бульбінцы. Увосень, помню, капаем бульбу ў Волешкаве. Збожжа ўжо звезена было ў гумно. Пачалася бамбёжка. Бомба папала ў наша гумно. Усё згарэла. Прыехалі мы, убачылі ўсё гэта, плакалі наўзрыд. Нічога не засталося.
Пляскач Аляксандра Мікалаеўна расказвае:

— Раніца. Усе мужчыны выйшлі на вуліцу, і я з татам выйшла. Стаяць усе, нібы нешта страшнае адчуваючы. Так яно і здарылася. Раптам у небе з’явіліся самалёты з чорнымі знакамі. Усе зразумелі, што гэта не нашы. Яны паляцелі на Сіняўку, бамбілі мост. Некалькі разоў праляталі. Так пачалася для мяне вайна. А мой маленькі рост выратаваў ад Нямеччыны. Людзей з нашых вёсак: Быковічы, Пагарэлка, Лядкі, Новае Сяло, Ярэмічы называлі бандытамі, бо шмат людзей з іх пайшлі ў партызаны. Страшна было. Жахлівыя размовы пра немцаў, пра тое, што нас чакае. Пасля прыйшлі і самі немцы. Пачалося жыццё, поўнае страху, трывогі. І сёння жудасна, як успомню зарыва пажара, калі палілі Лядкі, калі немаўлят падкідвалі ўверх і стралялі, як па мішэні. Давялося мне і на допыце пабыць у нямецкім штабе. Што толькі ні пранеслася тады ў маёй галаве, недзе і слёзы прапалі, толькі страх, бо бачылі, як здзекаваліся з людзей фашысты. Адпусцілі мяне. Можа, мы таму жывымі засталіся ў вайну, што нас, вяскоўцаў, заўсёды папярэджвалі партызаны, і мы паспявалі хавацца. Яны дапамагалі перабірацца на другі бераг Нёмана, каго на каня саджалі, хто за хвост чапляўся, каб пераплыць. Так ратаваліся.
А як мы радаваліся Перамозе! Па той жа дарозе, што адступалі нашы салдацікі, у 44-ым ішлі яны з вызваленнем. Плакалі і яны, і мы. Абдымаліся, як самыя родныя людзі. Хаця ў саміх не было чаго есці, дзяліліся з салдатамі апошнім. Чамусьці запомнілася, што сярод салдат шмат было мужчын неславянскай нацыянальнасці.
Станкевіч Вера Іванаўна ўспамінае:

— Гэта было ў час вызвалення Ярэміч. Партызаны папярэдзілі, каб мы хаваліся. Нас пецярых мама павяла ў Карэлічы да брата. Гэта было прыкладна 7 ці 8 ліпеня 1944 года. Вызвалілі Карэлічы. Мама мяне адправіла ў Ярэмічы паглядзець, ці можна вяртацца. Некаму ж трэба было ісці. Было недзе пасля поўдня. Горача надта было. Я іду, зямля ўся ў варонках. Ішла я напрасткі, каб выйсці на Браносава, пасля на Лядкі ды дадому, у Ярэмічы. Падышла да Чортавага акна (месца, недалёка ад ракі Сэрвач). У мяне валасы на галаве заварушыліся. Відаць, вялікая бітва ішла. Уся паша была ўслана трупамі. Мне запомнілася іх цёмная форма. Я бегла, чаплялася за забітых, падала, крычала, плакала. Сказаць, што было страшна – гэта значыць нічога не сказаць, але трэба было ісці. Стала крыху лягчэй, калі ўбачыла сваіх. Яны капалі ямы і сцягвалі туды забітых.
Самымі цяжкімі ўспамінамі для ўсіх жанчын былі дні блакады. Канец ліпеня-пачатак жніўня 1943 года. Партызаны папярэдзілі ўсе вёскі, каб хаваліся. І ўсе хаваліся ў балоце, у хмызах на Нёмане. Карнікі не шкадавалі нікога і нічога. Палілі, забівалі, кідалі жывымі ў агонь, хто не паспеў схавацца. Карнікі прачэсвалі лес і балота. Ішлі ланцугом. Заўважылі каго – забівалі на месцы. І малыя, і дарослыя сядзелі ў балоце, дыхалі праз трасцінкі, баяліся паварушыцца, аўтаматныя чэргі не давалі высунуць галаву. Нават малыя дзеці не плакалі. Было холадна, голадна, вужы поўзалі па малых і дарослых. П’яўкі аблеплівалі. У вадзе сядзелі ад рання да вечара, але ўсе ведалі, што толькі тады можна ўратавацца, калі цішком будзеш сядзець. І сядзелі, глытаючы балотную жыжу, чакалі, калі ўсё гэта скончыцца. Мы выжылі ў гэтым пекле. А адна жанчына засталася сядзець у вадзе, доўга сядзела, баялася выйсці, хаця і немцаў ужо не было. Пасля яе неяк угаварылі. Жудасць, страх, нават нельга перадаць тых пачуццяў, якія валодалі намі. І сёння страшна ад успамінаў.
Няхай будзе праклята вайна і каб мы былі апошнія, хто бачыў і адчуваў на сабе, што такое ваеннае ліхалецце, калі стаіш пад дулам аўтамата і не ведаеш, што будзе з табой праз хвіліну, калі гінуць і зусім маленькія дзеці, і дарослыя людзі, калі ад голаду самі па сабе цякуць слёзы, калі жывымі паляць людзей. А вы, дзеткі, не забывайце пра вайну, каб зберагчы мір.
Людміла ТАРАСЕВІЧ, дырэктар ДУА “Ярэміцкая базавая школа імя У. А. Калесніка”























