Сучасную беларускую жанчыну можна сустрэць не толькі на вытворчасці. Яна ўмела спалучае прафесійныя абавязкі з грамадскай дзейнасцю і дамашнімі клопатамі, любіць спорт і мае захапленні. Такая яна, беларуска, якая моцна пусціла карані на роднай зямлі і адчувае сябе шчаслівай. Наш субяседнік — памочнік брыгадзіра вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі СВК «Свіцязянка-2003» Галіна Станіславаўна Сіроціна.

— Галіна Станіславаўна, нядаўна ў Карэлічах адзначылі абласное свята аграрыяў «Дажынкі-2026». Да яго падрыхтаваліся добра — карэліччане і госці засталіся ў захапленні. Якія ўражанні ў Вас?
— Мне спадабаліся «Дажынкі». Усё навокал было прыгожа, аж дух захоплівала. Добрае свята атрымалася: навокал былі бачны шчаслівыя твары, удзельнікі ўрачыстасці радаваліся і весяліліся. Адным словам, яно ўдалося на славу.
— Дарэчы, на свяце сярод шматлікіх узнагароджаных Вы таксама былі адзначаны. Паведайце, калі ласка, пра гэты факт.
— Я ўзнагароджана Падзячным пісьмом абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» за актыўную грамадзянскую пазіцыю і значны асабісты ўклад у разіццё арганізацыі. Задаволена, што мяне заўважылі і адзначылі.
— Многія жанчыны вядуць актыўны лад жыцця, і асноўным накірункам з’яўляецца праца. Яна — аснова асноў, дабрабыт, павага. Дзякуючы ёй чалавек трымаецца ў жыцці. Нездарма ў народзе гавораць: «Хто працуе, той і мае». Што для Вас значыць праца?
— Я сама родам з вёскі Ярошычы Навагрудскага раёна. З маленства была прывучана да працы. І цяпер працую і на рабоце, і дома. Без яе ніяк не абысціся ў жыцці — яна ўзбагачае духоўна і матэрыяльна.
— У сельскай гаспадарцы Вы свой выбар спынілі менавіта на жывёлагадоўлі. Чым захапляе гэтая галіна? Магчыма, жывёла і клопат пра яе адыгрываюць пэўную ролю?
— Мне падабаецца даглядаць цялят і кароў — у мяне вялікая любоў да жывёлы. Яны павінны быць накормлены і дагледжаны. У мае прафесійныя абавязкі як памочніка брыгадзіра ўваходзіць адказнасць за кармы, якія павінны быць якаснымі і ў дастатковай колькасці.
— Вы з’яўляецеся свайго роду кіраўніком — памочнікам брыгадзіра вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі. З кім даводзіцца працаваць, як гаворыцца, у адной звязцы?
— Больш за ўсё прыходзіцца працаваць з Віктарам Канстанцінавічам Саўко, намеснікам старшыні СВК па жывёлагадоўлі. Менавіта з ім вырашаем вытворчыя пытанні. А таксама з сённяшнім галоўным заатэхнікам гаспадаркі Віталіем Аляксандравічам Сельвановічам. Ён адказны і патрабавальны ў рабоце. Падтрымліваю працоўныя зносіны з жывёлаводамі і даяркамі — разам робім агульную справу, зацікаўлены ў яе канчатковым выніку.
— Вас даволі часта можна сустрэць на спартыўных спаборніцтвах раёна. Якую ўвагу ўдзяляеце спорту?
— Са школы займаюся спортам. Гэта маё хобі, якое робіць жыццё больш разнастайным. Гэта яшчэ і здароўе — чалавек, які вядзе актыўны лад жыцця, заўсёды ў прыўзнятым настроі, і да яго з’яўляецца большая цікавасць.
— Ці атрымлівалі калі перамогу? Што адчувалі, калі дабіваліся мэты: даходзілі да фінішу альбо займалі прызавыя месцы?
— Раней усёй сям’ёй удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах «Тата, мама, я — спартыўная сям’я» і атрымлівалі першыя месцы. Дзеці таксама любяць спорт. Старэйшая дачка Паліна скончыла Мінскі ўніверсітэт фізічнай культуры з чырвоным дыпломам, працуе ў гэтай установе выкладчыкам па лёгкай атлетыцы. Дачка Арына вучыцца ў 11 класе Райцаўскай сярэдняй школы імя У. А. Галавача. 5-гадовая Уладзіслава наведвае дзіцячы садок.
— Вы жывяце і працуеце ў маляўнічым куточку. Для многіх гэта сустрэча з цудоўным — празрыстымі водамі возера Свіцязь і дзіцячым аздараўленчым лагерам «Вясёлка». Як навакольныя краявіды ўплываюць на Вас?
— Я люблю Свіцязянскі край усёй душой. Тут жыву, працую, тут растуць нашы дзеці. У аграгарадку Райца жывём з мужам Дзмітрыем дваццаць два гады. Абраннік жыцця з гэтых мясцін, з вёскі Міратычы. Ён — трактарыст-машыніст у СВК «Свіцязянка-2003», усё сваё свядомае жыццё працуе на роднай зямлі. Для мяне свіцязянская зямля таксама стала сваёй, зраднілася з яе людзьмі, знайшла жаночае шчасце.
— Згадзіцеся, родныя мясціны застаюцца ў памяці на ўсё жыццё. Гэта роднае і блізкае, дзе знаёмы кожны куточак. Ці наведваеце маленькую радзіму зараз?
— У роднай вёсцы ўжо нікога не засталося, але памяць пра яе і родных людзей жыве ў сэрцы. Наведваемся на могілкі да родзічаў.
— Існуе меркаванне, што заўсёды трэба кагосьці любіць: дзіця, матулю, гадаванца — гэта выратоўвае ад гібелі душы. А якое меркаванне ў Вас на гэты конт?
— Люблю сваю сям’ю і дзяцей — яны для мяне ўсё. З дня ў дзень жыву думкамі і клопатамі пра іх. Хачу, каб яны заўсёды былі здаровыя, і ўсё ў іх ладзілася.
— «Галоўнае — верыць у Бога, любіць родных, шанаваць блізкіх, паважаць старэйшых, памятаць памерлых і жыць з чыстым сумленнем. А астатняе — мітусня з мітусні!» — сцвярджаў мудрэц Амар Хаям. А якое Ваша крэда жыцця?
— Галоўнае крэда майго жыцця — шчыра працаваць, прыносіць карысць грамадству і людзям, любіць сваю Радзіму і сваю сям’ю.
— Мы вядзём гутарку ў Год беларускай жанчыны. Якімі якасцямі, на Ваш погляд, валодаюць беларускі?
— Яны працавітыя, прыгожыя, добрыя, спакойныя, ураўнаважаныя. Ад сустрэч з беларускамі людзі адчуваюць радасць і захапленне.
— Мы жывём у сінявокай Беларусі — краіне рэк і азёр, жытнёвых палёў, сярод шчырых і працавітых людзей. За што Вы любіце родную сваю старонку?
— Люблю Беларусь за мір і спакой на зямлі, прыгажосць родных мясцін, за тое, што гэта мая Радзіма і родны куток бацькоў і дзядоў.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ







