У першыя лютаўскія дні Ніна Акімаўна Лабоцкая з вёскі Вялетава Турэцкага сельсавета адзначае сваё 80-годдзе. Шчырая працаўніца, шчаслівая маці, добразычлівая жанчына. Узнагароджана ордэнамі Працоўнай Славы ІІ і ІІІ ступеняў.

Ніна Акімаўна — наш субяседнік і герой творчага праекта «Жаночы клуб»— апавядае аб працы, любові да зямлі, сям’і, захапленнях і аб тым, што хвалюе яе душу.
— Ніна Акімаўна, у Вас за плячыма — багатае і змястоўнае жыццё. Падчас ранейшых сустрэч прыцягвала Ваша працалюбства, жыццёвая мудрасць, любоў да роднага краю, павага да вясковых людзей. Што адчуваеце сёння ў свой юбілей — 80-годдзе?
— Радасць і хваляванне. Рада таму, што жыццё пражыта недарэмна. У ім было ўдосталь усяго: працавала шмат, кахала, стварыла сям’ю, нарадзіла дзяцей, дачакалася ўнукаў і праўнукаў. Вядома, узрост адбіваецца, але імкнуся трымацца ў жыцці і любіць яго ва ўсіх фарбах.
— 2026-ы аб’яўлены Годам беларускай жанчыны. Як рашэнне Урада адгукнулася ў Вашым сэрцы?
— Беларуская жанчына заслугоўвае ўвагі і павагі, здольная на многае. Яна працуе на розных пасадах, выхоўвае дзяцей, актыўная ў грамадскім жыцці. Мы, вясковыя жанчыны, імкнуліся сумленна жыць і шчыра працаваць. На пенсіі не губляем цікавасці да жыцця.
— Што лічыце найбольш значным у жыцці?
— Праца складала сэнс майго жыцця. Вяскоўцы шчыравалі (у поўным сэнсе гэтага слова) у калгасе і на асабістай гаспадарцы. Я не была выключэннем: рабіла шчыра. Гэта прыносіла задавальненне мне і дабрабыт у хату.
— Вы — вясковая і мясцовая, на роднай зямлі пусцілі свае карані.
— Мая маленькая радзіма — вёска Тарасавічы. Мама працавала паляводам у калгасе імя Дзімітрава, а тата, акрамя асноўнай працы, быў краўцом. Мелі асабістую гаспадарку, і мы, дзеці, як маглі, дапамагалі, і гэта лічылася нормай жыцця.
— Лён заўсёды вабіў вясковых працаўніц, і яны аддавалі поўнасцю сябе вырошчванню і апрацоўцы даўгунцу.


— Сапраўды, лён для вясковых жанчын быў важнай і любімай культурай. 15 гадоў я была звеннявой у калгасе імя Чарняхоўскага. Ураджай радаваў: 9 цэнтнераў ільнонасення, 11 цэнтнераў ільновалакна, даўгунец ішоў нумарамі 1 і 1,5. Вясковыя жанчыны любілі шчыраваць на льняных палетках, а іх руплівая праца добра аплачвалася.
— Якія яшчэ работы выконвалі?

— Шмат даводзілася працаваць вясковым жанчынам. Палолі буракі, нарыхтоўвалі сена, садзілі і капалі бульбу — усяго не пералічыш. Шмат было ручной працы, але жанчыны не скардзіліся і рабілі сумленна.
— Ваша праца высока адзначана дзяржавай. Што Вы адчувалі?
— Я ўзнагароджана ордэнамі Працоўнай Славы ІІ і ІІІ ступеняў. Вялікі гонар перапаўняў мяне: працу вясковай працаўніцы высока ацанілі, а што было большага пажадаць?
— Відаць, гэта быў не адзіны шчаслівы момант у жыцці. Што яшчэ засталося ў памяці?
— Хачу нагадаць пра яшчэ адзін шчаслівы выпадак. У Карэліцкі раён прыязджаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, і карэліччане сустракалі яго каля вёскі
Рап’ёва Турэцкага сельсавета. Да гэтай сустрэчы тры гаспадыні спяклі святочныя караваі, але з іх выбралі менавіта мой, і я ганарылася высокай адзнакай.
— Любоў да кулінарнай справы — не адзіны занятак для душы? Чаму яшчэ аддавалі перавагу?
— Сярод захапленняў хачу назваць і вязанне. У зімовы час вяжу рукавіцы, шкарпэткі, кругі. Па-першае, дзякуючы гэтаму занятку распрацоўваю рукі. Па-другое, рэчы радуюць сэрца і служаць падарункам для родных і сяброў.
— Вясковыя жанчыны любяць працаваць на зямлі. Як Вы да гэтага адносіцеся?
— Люблю вырошчваць розную гародніну на прысядзібным участку і выкарыстоўваць яе для сямейнага стала. Саджу таксама бульбу і радуюся, калі яна дае добры ўраджай, а затым гатую з яе беларускія стравы.
— Кветкі таксама любіце?
— Хіба іх магчыма не любіць? Узяць хаця б вяргіні: яны вельмі прыгожыя! Кветкі нагадаваюць пра школьныя гады, калі з вялікім букетам ішлі ў школу. Яны заўсёды радуюць душу.
— Сям’я — радасць і шчасце, а дзеці — надзея і апора. Вам з імі пашанцавала?
— Нас у бацькоў было пяцёра. Як самая малодшая заўсёды адчувала клопат родных. З мужам выхавалі траіх дзяцей: сына Мікалая, дачок Святлану і Алену. Яны даўно вызначыліся ў жыцці і зараз наведваюцца ў родную хату. Сапраўды, яны — мае радасць і шчасце, як сем унукаў і чатыры праўнукі.
— Вёска Вялетава — маляўнічы куточак. Што значаць для Вас як жыхаркі?
— Яе прыгажосць можна адзначыць у зімовы час, трэба толькі азірнуцца — навакольныя краявіды заварожваюць па-асабліваму. Каля вёскі расце бярозавы гай — і душа радуецца: цудоўныя падарункі дорыць нам прырода.
— У жыцці кожнага чалавека ёсць месца, куды ён з задавальненнем прыходзіць.
— Наведваю мясцовую царкву, што ў вёсцы Вялікая Слабада. Прысутнічаю на богаслужэннях — і малюся за здароўе дзяцей, унукаў, праўнукаў.
— Аб чым думаеце ў зімовыя вечары?
— «Няхай будзе мір на зямлі, хлеб на стале, людзі жывуць у згодзе!» — не раз паўтараю ў зімовай цішы. Мару, што мае пажаданні спраўдзяцца.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ і з архіва Карэліцкага раённага краязнаўчага музея























