У Год беларускай жанчыны добрую навіну атрымала аператар па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы малочнатаварнай фермы «Востухава» СВК «Маяк-Заполле» Іна Аляксандраўна Пілько — яна ўзнагароджана нагрудным знакам «За заслугі ў сельскай гаспадарцы».
Аб важнай падзеі, адносінах да справы, любові да прыроды, каштоўнасцях жыцця, любімым захапленні — гэтым і іншым журналіст пагутарыла падчас сустрэчы з гераіняй.
— Іна Аляксандраўна, дзе быў уручаны нагрудны знак «За заслугі ў сельскай гаспадарцы»? Што адчувалі ў тыя хвіліны?

— У горадзе Гродна, на нарадзе па падвядзенні вынікаў акцыі «Наш жывёлавод». Я моцна хвалявалася — маю працу высока ацанілі. Мае старанні і адданасць справе аказаліся недарэмнымі.
— Якім быў шлях у прафесію? Вы вясковая? Дзе працавалі бацькі?
— Я нарадзілася ў вёсцы Налібокі Навагрудскага раёна, але лёс прывёў на Карэліччыну, калі споўніўся адзін год. З таго часу жыву ў вёсцы Востухава. Мяне выхоўвалі бабуля і дзядуля. Маці працавала бухгалтарам, бацька — старшынёй калгаса. Менавіта мае выхавальнікі, бабуля і дзядуля, прывілі любоў да працы.
Пасля заканчэння школы паступіла ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. На працу прыехала ў калгас «Новае жыццё» і стала працаваць асемянатарам. Вось ужо трыццаць тры гады на гэтай пасадзе і ў адной гаспадарцы.



— Згадзіцеся, праца ў сельскай гаспадарцы не з лёгкіх. Патрэбна рана ўстаць і позна легчы, прыкласці нямала старанняў, каб дабіцца добрых вынікаў, а дома чакаюць неадкладныя справы. Як усюды паспяваеце і плануеце працоўны дзень?
— Стараюся ўсюды паспець своечасова. Устаю ў пяць гадзін раніцы, кладуся пасля дванаццаці, і гэта ўжо стала звычкай. Больш адпачываю ў святы.
— Часта падчас гутаркі перадавікі вытворчасці называюць свой калектыў адной камандай. Вы можаце даць такое вызначэнне сваім калегам па працы?
— На ферме «Востухава» ў нас таксама адна каманда — усе работнікі перажываюць за агульную справу: упраўляючая, яе памочніца, заатэхнік-селекцыянер, ветурач, шэсць даярак, сем жывёлаводаў і я, аператар па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы. Працуем добрасумленна, таму нам удаецца дасягнуць добрых вынікаў.
— У чым асноўны сакрэт поспеху?
— У любові да жывёлы. Ёй патрэбны добры догляд, якасныя кармы, сумленныя адносіны працаўнікоў да сваёй справы.
— Жыць у вёсцы падабаецца многім. Асаблівая радасць ахоплівае вясною, калі зелянее лістота, цвітуць сады, вочы радуюць дзьмухаўцы — усё навокал абуджаецца. Якое значэнне прырода мае ў Вашым жыцці?
— Прыроду таксама люблю ўсім сэрцам. Калі крочу вясковымі вуліцамі вясною, адчуваю энергію. У такія хвіліны радуюся жыццю і яго імгненням.
— Жанчыны любяць вырошчваць кветкі. Вы гэтым таксама займаецеся, ці з-за напружанасці працоўнага дня не хапае часу?
— У мяне іх шмат. З самай ранняй вясны зацвітаюць крокусы. Цяпер цвітуць цюльпаны, нарцысы, а ў чэрвені зацвітуць мае любімыя асцільбы і півоні. Потым будуць радаваць вочы ружы, гартэнзіі, гладыёлусы. Кветкі нясуць адчуванне радасці і прыгажосці.
— Час бяжыць імкліва: адзін дзень змяняецца другім, месяц — месяцам, год — годам. Каштоўнасці застаюцца нязменнымі. Што найбольш цэніце ў людзях?
— Працавітасць, дабрыню, адкрытасць, прастату. З людзьмі, якія валодаюць гэтымі рысамі характару, прасцей і лягчэй крочыць па жыцці.
— 2026 аб’яўлены Годам беларускай жанчыны. Якая яна, сельская жанчына? Якія рысы характару ёй уласцівы?
— Яна вельмі працавітая. Любіць зямлю, жывёлу, сям’ю, дзяцей. Стараецца ўсюды паспець і ўсё зрабіць.
— Здаўна ў сельскай мясцовасці падтрымліваліся добрыя суседскія адносіны і з гадамі яны не страціліся. Вы сябруеце па суседстве?
— Суседзямі з’яўляецца сям’я Рабко: Ірына Генрыхаўна працуе настаўніцай у Красненскай сярэдняй школе, Мікалай Васільевіч — вадзіцелем у мясцовым калгасе. Яны — працавітыя людзі, шчыруюць на прысядзібным участку, і мы добра ладзім.
— Якая сёння вёска, у якой жывяце? Хто яе жыхары?
— Востухава — вялікая вёска, хаця ў асноўным тут жывуць дачнікі. Прыязджаюць вясной, і тады яна ажывае.
— Як лічыце, што патрэбна жанчыне для шчасця?
— Акрамя любімай справы, надзейнае мужчынскае плячо, разуменне і падтрымка родных людзей. Тады цяжкасці лягчэй пераадольваюцца, прыходзяць настрой і вера ў лепшае.
— Спрадвеку жанчына лічылася ахоўніцай сямейнага ачага і клапатлівай гаспадыняй. Якія стравы любіце гатаваць? Магчыма, сярод іх ёсць беларускія?
— Люблю пячы пірагі, дранку. Дарэчы, стараюся гатаваць больш у печы. Страва атрымліваецца духмянай, смачнай, апетытнай.
— Нягледзячы на занятасць, магчыма, ёсць святы, якія радуюць душу?
— Люблю, калі госці прыязджаюць. Вось тады і атрымліваецца сапраўднае свята. Іх частую ад душы. Мы размаўляем на самыя розныя тэмы, успамінаем мінулае. Гэта самыя незабыўныя хвіліны.
— Хто з’яўляецца надзейнымі сябрамі?
— Сям’я і калегі па працы. Яны маюць вялікае значэнне ў маім жыцці.
— Каму сёння хочацца сказаць словы падзякі?
— Калектыву фермы «Востухава», кіраўніцтву СВК «Маяк-Заполле», раённай племстанцыі, якія высока ацанілі маю працу і прадставілі да высокай узнагароды.
— У Вас ёсць мара?
— Каб усе былі здаровыя і каб жылі пад мірным небам.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ і з архіва Карэліцкага раённага музея























