У Карэліцкім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі праведзены раённы фестываль-конкурс «Хрыстаславы-2026». Яго мэта: фарміраванне і папулярызацыя духоўна-маральных каштоўнасцей сярод дзяцей і моладзі.
Арганізатары — Карэліцкае благачынне Беларускай Праваслаўнай Царквы і аддзел адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта.



З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся благачынны Карэліцкай акругі, іерэй Ігар Пірог. Святар благаславіў іх на ўдзел у фестывалі і выказаў упэўненасць: усё ва ўдзельнікаў атрымаецца — яны будуць славіць Хрыста.
Начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ірына Асташэвіч адзначыла, што з года ў год выканальніцкае майстэрства ўдзельнікаў фестывалю ўзрастае, і гэта дзякуючы сумеснай працы царквы і педагогаў школ раёна.
На сцэну адзін за адным узнімаюцца ўдзельнікі фестывалю. Гучаць цудоўныя песнапенні і вершы. Выканаўцы прадстаўляюць свае інсцэніроўкі і батлейкі. Іх пажаданні кранаюць душу: міру, шчасця, дабра. Кожнае выступленне па-свойму заварожвае — час праходзіць непрыкметна. Выступленні прадстаўнікоў 10 школ раёна — яркія і са сваімі адметнымі рысамі.
Падводзячы вынікі, Ігар Пірог адзначыў усе школы раёна Граматамі і ўручыў ім салодкія падарункі. Ірына Асташэвіч падзякавала за ўдзел у фестывалі і заклікала ў далейшым тварыць добрыя справы.
Добрая адзнака дадзена і калядным батлейкам школ раёна ў аглядзе-конкурсе «Славім Каляды Твае, Хрысце!»
Зроблены агульны фотаздымак удзельнікаў фестывалю на памяць.











Удзельнікі фестывалю дзеляцца сваімі ўражаннямі:
Анатолій ШЭЛЕСТ,
настаяцель царквы Уваскрэсенне Хрыстова, аграгарадок Лукі:
— Фестываль традыцыйны. У ім прымалі ўдзел і дзеці Нядзельнай групы Лукскай сярэдняй школы. У групе сёння — дванаццаць чалавек. Яны ўдзельнічаюць у віншаванні прыхаджан не толькі ў царкве, але ў дамах жыхароў аграгарадка Лукі. Праслаўляючы Хрыста, у сваіх вершах і духоўных песнапеннях расказваюць аднавяскоўцам аб Богамладзенцы. Сёння яны таксама Яго праслаўлялі.
У Лукскай сярэдняй школе дзейнічае праваслаўны факультатыў «Азбука маралі», кіраўніком якога з’яўляецца Святлана Георгіеўна Богуш. Школа падтрымлівае цесную сувязь з царквою. Дзеці нас радуюць: яны нясуць радасць свята Каляд і вучаць быць дабрэйшымі да тых, хто нас акружае.
Таццяна ШЫШКІР,
кіраўнік факультатыву «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму»ДУА «Райцаўская сярэдняя школа імя У. А. Галавача»:
— Акрамя факультатыву ў школе, я вяду Нядзельную школу пры царкве Святой Вялікапакутніцы Варвары аграгарадка Райца. Стараюся прывіваць дзецям любоў да бліжняга, якая пачынаецца з любові і добрых адносін адзін да аднаго і сваіх блізкіх. У нас гэта сямейнае: Аляксей Шышкір — настаяцель прыхода. У сённяшнім фестывалі мы прымалі ўдзел з вучнямі нашай школы і былі вядучымі яго. Хочацца пажадаць, каб святло Нараджэння Хрыстова асвятляла шлях кожнага чалавека, а людзі імкнуліся рабіць добрыя справы.
Мацвей ТУРКО,
вучань чацвёртага класа
ДУА «Жухавіцкая сярэдняя школа»:
— Першы год прымаю ўдзел у фестывалі «Хрыстаславы» і мне вельмі падабаецца. Мы праслаўляем Хрыста ў сцэнцы і песнях — і на душы ад гэтага вельмі хораша. Атрымаў вялікае задавальненне, калі глядзеў выступленні вучняў іншых школ раёна. Усе стараліся. Мелодыі і вершы былі цудоўнымі, ад іх сыходзілі святло і радасць. А яшчэ вельмі спадабаліся батлейкі, і як вучні выказвалі сваю любоў да Хрыста.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ























