15 верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень міру. Згодна з Указам Прэзідэнта ад 25 сакавіка 1998 г. № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь», гэты дзень прыходзіцца на трэці аўторак верасня.
Асноўнымі задачамі і накірункамі грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» з’яўляецца міратворчасць, памяць і гісторыя, дабрачыннасць, клопат пра дзяцей.
Шмат крысных спраў і на рахунку Карэліцкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» — і пра некаторыя з іх хочацца нагадаць.15 лютага адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У гэты дзень аддаецца даніна памяці тым, хто не вярнуўся з Афганістана, і маці загінулых. 2026 год не стаў выключэннем. Старшыня раённага аддзялення грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру», начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч разам з маці загінулага воіна-інтэрнацыяналіста Сяргея Пятровіча Філончыка — Соф’яй Васільеўнай Філончык, прадстаўнікамі Райцаўскага сельвыканкама і СВК «Свіцязянка-2003», вучнямі і педагогамі Райцаўскай сярэдняй школы У. А. Галавача на магіле ў аграгарадку Варонча ўшанавалі памяць героя.
Клопат пра дзяцей — адзін з асноўных накірункаў. Пастаянным стаў удзел у дабрачынных акцыях: «Нашы дзеці» і «Збяром дзяцей у школу». У полі зроку заўсёды знаходзяцца і шматдзетныя сем’і. На раённых урачыстасцях ушаноўваюцца таленавітыя і адораныя дзеці.

Да Дня абароны дзяцей сертыфікатаў Карэліцкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» ўдастоены Данііл Яўсей, вучань сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы, і Арсеній Знайдзён, вучань Жухавіцкай сярэдняй школы.
На традыцыйным раённым выпускным балі ў райцэнтры ад Беларускага фонду міру стыпендыі ўручаны Даніілу Макараву з сярэдняй школы г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай і Аляксандру Балабановічу з сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы.
Да Дня ведаў старшыня раённага аддзялення грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Ірына Асташэвіч і старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Іна Лейка ўручылі патрыятычныя замалёўкі выхаванцам дзіцячага сада № 2 г.п. Карэлічы.

Як паказвае жыццё, усе справы па-свойму важныя. Увага акрыляе і ўзнімае настрой. Падарункі патрэбны на памяць і прыносяць карысць.
Галіна СМАЛЯНКА








