Восень. У карацейшых дзяньках і меланхалічных кроплях дажджу, цішы і роздуме ёсць свая непаўторнасць. Прываблівае золата і чырвань дрэў. Радуюць багатыя ўраджаі.
Восенню жыцця называюць пенсійны ўзрост: за плячыма — мудрасць і вопыт. Цёплыя ўспаміны ўсплываюць у памяці — на душы становіцца светла і спакойна. Хочацца дарыць любоў тым, хто жыве і працуе побач.
Вечарэла. Закончыўшы клопаты па гаспадарцы, Неаніла Міхайлаўна прысела ў хаце каля акна. Быў добра бачны падворак, на якім шчыравала да восені.
Зараз яна акунулася ва ўспаміны — і эпізоды жыцця праплывалі перад вачыма. Пазнаёміліся са сваім абраннікам у мясцовым клубе на танцах. Дзяўчыне юнак прыглянуўся. У хуткім часе справілі вяселле.
Успаміны авалодвалі ўсё больш — вярнулі жанчыну ў далёкія гады. Напачатку калгас выдзеліў маладой сям’і палову гумна і дапамог зрабіць хатку. У ёй пражылі пяць гадоў і пачалі будаваць новую. Хацелася, каб была вялікай і светлай, каб месца хапіла ўсім. Тым больш, што пачалі нараджацца дзеці. Пра іх хвалявалася заўсёды: калі былі малымі, калі раслі, калі выбіралі свае дарогі. Нават зараз, калі яны вызначыліся ў жыцці, сэрца маці трапечацца: як яны там, як ідуць у іх справы.
Ведае, што працуюць шчыра і жывуць годна, але перажывае пра іх як і ў дзяцінстве. На тое яна і маці… Не сорамна паглядзець людзям у вочы і не трэба чырванець за іх учынкі. Анатолій — намеснік старшыні КСУП «Лукі-Агра». Алег працаваў галоўным інжынерам у СВК «Маяк-Заполле», зараз на пенсіі. Дачка Таццяна выбрала прафесію медработніка, жыве і працуе ў сталіцы. «Дзеці працавітыя і добрыя, — пра сябе адначыла маці. — Маем сем унукаў і шэсць праўнукаў. Я надзвычай багатая: дом, муж, дзеці…»
Неаніла Міхайлаўна нагадала, як з мужам Канстанцінам Якаўлевічам выхоўвалі іх у працы і самі паказвалі прыклад. Вельмі хацелася, каб яны вучыліся паспяхова і вызначыліся ў жыцці. Унукам таксама гаворыць аб гэтым.
Шмат гадоў была даяркай на ферме «Загор’е» калгаса імя Чарняхоўскага і моцна трымалася за працу. Хацелася больш зарабіць і паставіць дзяцей на ногі. Муж шчыраваў трактарыстам у мясцовай гаспадарцы, мае пяцьдзясят чатыры гады працоўнага стажу. На лёс ім няма як скардзіцца — пражылі шэсцьдзясят пяць гадоў разам. Гэта і ёсць сапраўднае людское шчасце.
Жанчына пільней углядалася ў навакольныя краявіды: яны такія блізкія і дарагія сэрцу. Прадаўжала разважаць: «Не было тады тэлефонаў, затое кнігі чыталі. Кнігу прачытаеш — узбагацішся духоўна». Нагадала, як хадзіла ў сельскую бібліятэку за літаратурай. Хацелася, каб дзеці раслі адукаванымі.
Сваю працу лёгкай не назаве. Затое яе паважалі за старанныя адносіны да справы, на святах уручалі падарункі, выбіралі ў мясцовыя дэпутаты. І на пенсіі не можа без занятку — займаецца асабістай гаспадаркай. З усмешкай на вуснах прамовіла пра сябе: «Думала, што куплю курэй і буду даглядаць, а яны аказаліся пеўнікамі, прыгожымі, высокімі, тонкімі. Ну і няхай: і клопат, і прыбытак». Гэты клопат не адзіны. Як і належыць гаспадыні, садзіць агарод, трымае свінчо. Такі ўжо характар: не можа без клопату.
… Неаніла Міхайлаўна і Канстацін Якаўлевіч Анікій вельмі рады, калі дзеці і ўнукі наведваюць родную хату. Калі ўсе збіраюцца разам, месца хапае ўсім. Дарога ў вёску Загор’е Турэцкага сельсавета для прадаўжальнікаў роду заўсёды жаданая. Адсюль іх карані.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ























