Падчас адпрацоўкі Малюшыцкага сельсавета наведаны сем’і, пастаўленыя на ўлік і ў якіх выхоўваюцца непаўналетнія дзеці. Гэта яшчэ адна магчымасць наведаць іх, правесці грунтоўныя гутаркі, даць карысныя парады. У гэтым зацікаўлены ўдзельнікі рэйду — прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх і аддзела адукацыі райвыканкама.
Яблыка ад яблыні…
Сям’я як сям’я. На першы погляд, звычайная: маці, бацька, двое дзяцей. Яе ж «незвычайнасць» заключаецца ў тым, што 14-гадовы сын двойчы ў нецвярозым стане быў затрыманы на вуліцы ў позні час. Як высвятляецца, бацька таксама сябруе з чаркай.
З ім мы сустрэліся на парозе дома. Адказныя асобы нагадваюць старэйшаму аб тым, што яго прыклад для сына — не самы лепшы, і юнак можа пайсці па крывой сцежцы. На пытанне: «Якія існуюць паміж вамі адносіны?», высвятляецца, што ніякіх. «А з матуляй добрыя?» — цікавяцца правяраючыя. «Так», — адказвае бацька.
Накіроўваемся ў хату — у пакоях вядзецца рамонт. «Усё раблю сваімі рукамі», — коратка тлумачыць гаспадар. Аказваецца, не ўсё яшчэ страчана. Трэба толькі направіць жыццё ў правільнае рэчышча — развітацца з гарэлкай, галоўнае — асабісты прыклад. У маці гэта атрымліваецца: яна мае адказную працу і з сынам ладзіць. Вось бы яшчэ галаве сям’і прааналізаваць свае дзеянні і ўзяцца за розум, глядзіш — лад і шчасце паселяцца пад дахам дома.
Хацела правучыць
Падчас візіту ў наступны дом яго гаспадар спяшаўся на працу. Па нашай просьбе затрымаўся на некалькі хвілін і паведаў наступнае:
— Я выпіў і паскандаліў. Жонка не вытрымала — і патэлефанавала на 102. Я са спіртным ужо «завязаў».
Гэта пацвярджае і ахоўніца сямейнага ачага. Яе так назваць можна ў поўным сэнсе гэтага слова. На жаночых плячах, як гаворыцца, трымаюцца дом і сям’я. Жонка знаходзіцца ў водпуску па доглядзе двух састарэлых хворых бацькоў. У сям’і выхоўваецца двое дзяцей. Як бачна, п’янкам і скандалам тут не месца. «Дзякуй Богу, муж узяўся за розум», — гаворыць жанчына.
Як паказвае жыццё, сяброўства з чаркай нікога да дабра не прывяло. Разбураюцца сем’і, пакутуюць дзеці, страхам і роспаччу напоўнены дні. Мужчына спрадвеку лічыўся апорай і падтрымкай сям’і, на яго ўскладаліся надзеі, на ім трымаўся дом. Дык чаму ж тады ён дае слабіну сабе і ўскладняе жыццё сямейнікам? Відавочна: адказ за ім і рашэнне павінен прыняць сам. Памятаць аб тым, што ад яго ладу жыцця і паводзін залежыць дабрабыт і шчасце родных і блізкіх. Як кажуць, адно шчасце на ўсіх.
Каб не пакутавалі дзеці
У шматдзетных сем’ях існуюць свае традыцыі. Тут ведаюць цану працы і сяброўству, паважаюць старэйшых і клапоцяцца пра меншых, пануюць любоў, шчасце, павага. У гэтай жа сям’і, да якой завіталі ў дзень рэйду, пра гэта толькі застаецца марыць і ўсё рабіць для таго, каб дзеці не пакутавалі і мелі шчаслівае дзяцінства.
Шматдзетная мама — ці не ганарова? Хаця і адказна: яна ў адказе за чатыры дзіцячыя лёсы. Вось бы гэта ёй усвядоміць у рэшце рэшт і памятаць пра тое, што дзеці павінны быць накормлены і дагледжаны. У хаце павінны быць прадукты, з якіх можна гатаваць карыснае і смачнае. А дочкі і сыны з малых гадоў каб прывучаліся да чысціні і парадку.
І яшчэ: бацькі — прыклад для дзяцей. У каго ж тады можна навучыцца ўсяму добраму, да каго прыгарнуцца, з кім параіцца, калі не ў іх, такіх родных і блізкіх? А тут, атрымліваецца, наадварот. Маці і бацька развяліся, мужчына пазбаўлены бацькоўскіх правоў.
Замест таго, каб падумаць, як выправіць становішча, ён прыходзіць і скандаліць на вачах у дзяцей. Хутка гора-бацька паедзе ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Маці ж трэба праяўляць большы клопат пра дзяцей.
Галіна СМАЛЯНКА























