30 студзеня журналісты Карэліцкай раённай газеты «Полымя» завіталі ў Карэліцкі раённы вузел паштовай сувязі, дзе быў праведзены Дзень падпісчыка.
Карэліччане дзяліліся сваімі меркаваннямі.

Ганна Вітальеўна і Васілій Аляксандравіч ГЕНАК, г.п. Карэлічы:
— У Карэлічах жывём больш сарака гадоў. Столькі часу выпісваем і чытаем «Полымя» ад першай да апошняй старонкі. З ёй пераплятаецца ўсё жыццё нашай сям’і.У 1987 быў змешчаны першы артыкул і фотаздымак Васілія. На яе старонках дачку Кацярыну сябры павіншавалі з днём заключэння шлюбу. Сын Арцём падчас працы ў райЦГЭ пісаў артыкулы ў газету. Зараз Васілій змяшчае свае вершы ў літаратурным выпуску «Рэчанька». Мы шчыра дзякуем раённай газеце за артыкулы пра наш раён, яго людзей і іншыя цікавыя звесткі. Заўсёды чакаем свежы нумар з нецярпеннем. Сёння з гонарам гаворым: «Полымя»— наша родная газета, яна — аб роднай Карэліччыне, раёнка нам вельмі патрэбна!

Еўдакія Барысаўна РУМЯНЦАВА, г.п. Карэлічы:
— Трынаццаць гадоў жыву ў Карэлічах і з’яўляюся падпісчыкам «Полымя». З задавальненнем чытаю ўсе навіны ў газеце, але найбольш падабаюцца пра развіццё сельскай гаспадаркі. Я сама вясковая, з Магілёўская вобласці. З малых гадоў была прывучана да працы на зямлі. Мінулы год быў няпростым для селькай гаспадаркі. Зараз выпала шмат снегу, і зямля атрымала вільгаці. Хочацца спадзявацца, што будзе добры ўраджай.
Я наведваю ЦСАН Карэліцкага раёна, і мне нават даводзілася быць героем артыкула раёнкі. Хацелася пажадаць, каб «Полымя» і далей пісала пра людзей залатога ўзросту і пра мерапрыемствы, якія праводзяцца для нас у раёне. Сёння хачу выказаць словы падзякі калектыву ЦСАН, асабліва Іне Генадзьеўне Ляўковіч за яе шчырыя адносіны да наведвальнікаў Цэнтра, а раёнцы — яшчэ ярчэй свяціць людзям і несці добрыя навіны ў іх дамы!

Марыя Уладзіміраўна ЛАПАТКО, г.п. Карэлічы:
— «Полымя» чытаю даўно, у ёй шмат навін аб раёне, вобласці, рэспубліцы. Люблю чытаць выпускі «Актыўнае даўгалецце 65+», у якіх шмат аб людзях, іх лёсах, захапленнях. Найбольш мне падабаюцца матэрыялы на праваслаўную тэматыку ў праекце «Святло веры». Мне з дзяцінства, ад маіх продкаў і матулі, перадалася вера ў Бога. Стараюся наведваць храмы і чытаць аб веры — і гэта дапамагае мне глыбей паверыць, і раёнка таксама дапамагае ў гэтым.
Хачу падзякаваць супрацоўнікам ЦСАН Карэліцкага раёна Інэсе Мікалаеўне Семібратавай, Вользе Сяргееўне Жук, Іне Генадзьеўне Ляўковіч, Але Анатольеўне Шурак і іншым за ўвагу, падтрымку і тое, што робяць наша жыццё на заслужаным адпачынку больш яркім і карысным. Супрацоўнікам раённай газеты «Полымя» жадаю натхнення, цікавых тэм і новых падпісчыкаў. Няхай яна будзе жаданай у кожным доме!
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ























