30 студзеня адбылася адпрацоўка Мірскага сельсавета, падчас якой рэйдавая група ў складзе прадстаўнікоў аддзела адукацыі райвыканкама, інспекцыі па справах непаўналетніх раённага аддзела ўнутраных спраў і журналіста раённай газеты «Полымя» наведала сем’і, якія патрабуюць павышанай увагі. Па этычных прычынах не называю прозвішчы і населеныя пункты, а вось жыццёвыя гісторыі, магчыма, будуць для кагосьці з чытачоў урокам.
Калі ты не адзін
«Сям’я — гэта сем Я» — гэтыя словы прыгадаліся, калі пераступіла парог дома шматдзетнай сям’і. У ёй бацькі выхоўваюць пяцярых дзяцей. Малодшай паўтара года, старэйшай — пятнаццаць. Падчас нашага візіту са школы вярнулася дачка-пяцікласніца. Яна атрымала дзявятку па беларускай літаратуры, любімыя прадметы — матэматыка і выяўленчае мастацтва.
У хаце ўтульна і цёпла. Візіцёраў сустракае гаспадар. Зараз ён за галоўнага, матуля знаходзіцца ў бальніцы з малодшай дачкой.
— Не цяжка з дзецьмі? — цікаўлюся ў бацькі.
— Як можа быць цяжка — яны ж свае, — чую ў адказ.
Як высветлілася, дом сям’я набыла за сродкі сямейнага капіталу два гады таму. Бацька працуе будаўніком у мясцовай гаспадарцы, матуля — у водпуску па доглядзе за дзіцем.
— Вашага заробку і дапамогі на дзяцей хапае?
— Мы не адны. Вунь колькі ў нас памочнікаў: бабулі, прабабуля, дзядуля. Усе любяць унукаў. Пастаянна адчуваем іх падтрымку і дапамогу.
Сапраўды, калі ты не адзін, куды лягчэй крочыць па жыцці і больш лагодней на душы. Пра дзяцей клапоціцца дзяржава, адпаведныя службы, а тыя, хто побач, аддаюць любоў сваіх сэрцаў. І гэта радуе.
«Я люблю бабулю…»
Даўно заўважана, што бабулі любяць унукаў мацней, чым дзяцей, і стараюцца аддаць ім сваю любоў. І гэта хочацца вітаць, калі ёсць асноўныя выхавальнікі — бацькі. У дадзеным выпадку бабуля для пяцігадовага ўнука з’яўляецца апекуном, і сем месяцаў таму на яе ўскладзены абавязкі па выхаванні хлопчыка.
— Як спраўляецеся? Гэта ж няпроста… — пытаюся ў жанчыны.
— Унук цэлы дзень у дзіцячым садку, я — на працы. У астатні час стараюся даглядаць спаўна.
— Хтосьці дапамагае?
— Сама гляджу. Маці хлопчыка жыве ў іншым населеным пункце. Нават не тэлефануе.
— Бабулю любіш? — звяртаюся да дзіцяці.
— Я вельмі люблю бабулю, яна мяне глядзіць.
«Так не бывае на свеце, каб былі пакінуты дзеці» — гэтыя словы, быццам лозунг, гучаць шмат гадоў. Увесь гэты час рэйдавыя групы накіроўваюцца ў сем’і, у якіх аднойчы гора-бацькі збіліся з правільнага шляху. Вось бы дастукацца да сэрцаў тых, хто даў жыццё немаўляці…
Адна любоў на ўсіх
Любоў маці не ведае межаў. Яна любіць сваё дзіця ўсім сэрцам. Любіць такім, якое яно ёсць. Любіць у любым узросце. А інакш дзеля чаго здзяйсняць мацярынскія подзвігі? Відаць, дзеля шчаслівага жыцця тых, хто з’яўляецца прадаўжальнікамі роду. Вельмі добра, што ёсць сілы і жаданне даць унукам тое, што не могуць іх бацькі.
У апякунскай сям’і растуць разам дзеці і ўнукі. Адна любоў на ўсіх! Вось бы ім надалей хапіла здароўя, цярпення, сілы духу, каб дапамагчы родным крывіначкам знайсці сябе ў жыцці.
Удзельнікі рэйду на сустрэчы з членамі сям’і нагадваюць аб паводзінах у быце, захаванні правілаў пажарнай бяспекі, наяўнасці ў пакоях дома аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Заклікаюць заставацца пільнымі і прадбачлівымі ў любой жыццёвай сітуацыі.
З чыстага ліста
Рэйдавая група накіроўваецца ад аднаго населенага пункта да другога, ад адной сям’і да другой. У кожнай — свае жыццёвыя гісторыі. Аб’ядноўвае тое, што ва ўсіх выхоўваюцца дзеці, якія ні ў якім разе не павінны пакутаваць. Прадстаўнікі раённых службаў едуць у рэйды для таго, каб на свае вочы ўбачыць, што адбываецца ў тых сем’ях, якія аднойчы збочылі з правільнага шляху. Магчыма, ім патрэбны дапамога і падтрымка.
Вельмі добра, што знаходзяцца тыя, хто па душэўнай дабрыні і закліку сэрца падстаўляе плячо сваім любімым унукам. Хацелася б, каб гора-бацькі адумаліся і пачалі жыць прыстойна і клапаціцца пра сваіх дзяцей.
Ніколі не позна пачаць жыццё з чыстага ліста. Нават сама прырода ў дзень рэйду падтрымлівала: у марозны дзень праз воблакі прабіваліся сонечныя праменьчыкі. Значыць ёсць надзея на тое, што можна змяніць жыццё ў правільным накірунку…
Галіна СМАЛЯНКА










