Што можа быць даражэй за родны куточак, дзе чалавек нарадзіўся, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады, і якому зараз служыць спаўна, аддаючы сэрца, розум, старанні. Ён па праве лічыць сябе шчаслівым, а людзі паважаюць рупліўцу за добрасумленную працу, і яго партрэт занесены на раённую Дошку пашаны.
Шлях у прафесію
Ярэміччына — любы сэрцу куточак. На гэтай зямлі Дзяніс нарадзіўся і вучыўся ў мясцовай школе. Зараз працуе на родных палетках. Любіць поле, прыроду, лес, Нёман, партызанскі край з яго слаўнай гісторыяй.
Пасля заканчэння школы вучыўся ў Мінскім машына-будаўнічым каледжы па спецыяльнасці штампоўшчык-наладчык. Затым — служба ў арміі. Пасля выканання воінскага абавязку вярнуўся ў родныя мясціны. Уладкаваўся на працу ў калгас імя Царука памочнікам камбайнера.
Пятнаццаць гадоў Дзяніс Віктаравіч Буй убірае збажыну і робіць гэта з пачуццём вялікай адказнасці. Таксама займаецца нарыхтоўкай кармоў, унясеннем арганікі і іншымі работамі.
— Поле для мяне — гэта ўсё. Тут з маленства, тут адчуваю сябе свабодным, тут добра дыхаецца, і родныя абшары заварожваюць, — гаворыць трактарыст-машыніст.
Калыска дзяцінства
Дзяніс нарадзіўся ў вёсцы Даўгінава, што ў пяці кіламетрах ад Ярэміч. Зараз гэта ціхая вёсачка. Тут жыве бацька Віктар Паўлавіч. З задавальненнем Дзяніс наведваецца ў роднае гняздо з сям’ёй і праводзіць час.
— Даўгінава — калыска дзяцінства, любоў да яе жыве ў маім сэрцы, — прызнаецца субяседнік, — самае дарагое і блізкае ў жыцці.
Прыкладам заўсёды былі бацька Віктар Паўлавіч і дзядуля Павел Мікалаевіч. Яны прывілі любоў да зямлі і навучылі працаваць на ёй. Дзядулі ўжо няма побач, але да сённяшняга дня памятаю яго словы: «Не шукай лёгкіх шляхоў, там, дзе цяжка, у хуткім часе будзе лёгка — і поспех не міне».
Трактарыст-машыніст нагадаў цікавыя факты з жыцця. У 2000 годзе ўсёй сям’ёй адзначалі 100-годдзе сямейнай сумеснай працы на камбайне ў роднай гаспадарцы. Па яго словах, дынастыя Буй заўсёды займала прызавыя месцы на ўборцы збожжавых, а ў 2016 годзе Дзяніс намалаціў за 9 дзён 1000 тон збожжа і заняў прызавое месца ў вобласці.
«Дарагія мае землякі…»
Прынёманскі край прываблівае не толькі сваёй гісторыяй, навакольнымі краявідамі, празрыстымі водамі Нёмана, лясамі з яго дарамі, але і працавітымі людзьмі. Яны ўмеюць годна жыць, шчыра працаваць, гадаваць дзяцей, ладзіць паміж сабою. Дзяніс Буй у захапленні ад сваіх землякоў, з імі штодзённа працуе і побач жыве, яны дапамагаюць зрабіць жыццё больш змястоўным і цікавым. Падчас сустрэчы малады хлебароб адрасаваў ім шчырыя словы:
— Дарагія мае землякі! Я вамі ганаруся: вы імкнецеся зрабіць усё для таго, каб наша Карэліччына квітнела з кожным годам, а на стале былі хлеб і да хлеба. Моцнага вам здароўя, плёну ў працы, вялікага шчасця, мірнага неба.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ























