З кожным днём гарадскі пасёлак Карэлічы мяняе сваё аблічча. На яго вуліцах кіпіць работа — будаўнікі ўзяліся за справу з размахам. Радуе, што моладзь таксама імкнецца ўнесці свой уклад у навядзенне парадку, каб родны куточак станавіўся яшчэ прыгажэйшым.
У адзін з красавіцкіх дзён члены раённай арганізацыі БРСМ завіталі на рэчку Рута, якая працякае праз райцэнтр, каб навесці на беразе парадак. Справа няхітрая: збірай смецце пасля зімы, праяўляй увішнасць і спрыт — і справа толькі выйграе. Стараюцца хлапчукі — і прылягаючая тэрыторыя да вадзянай гладзі на вачах прыгажэе.


— Сёння прыйшлі сюды з членамі нашай маладзёжнай арганізацыі, каб надаць рэчцы Рута прыгожы выгляд. Такія візіты будуць праводзіцца пастаянна, і гэтае месца будзем трымаць у пастаянным полі зроку і наводзіць належны парадак, — адзначае першы сакратар РК ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Вольга Аляшкевіч.



Тут сустракаем і начальніка Карэліцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Кацярыну Літвін. Яна паведаміла аб тым, што праводзіцца прыродаахоўная акцыя «Беларусь сінявокая», якая заклікае захаваць прыродную спадчыну краіны — маляўнічыя азёры і рэкі. Мэта акцыі: навесці парадак, добраўпарадкаваць тэрыторыі, якія прылягаюць да водных аб’ектаў, і нагадаць грамадству аб беражлівых адносінах да прыроды. Ініцыятарам выступіла Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету, мясцовыя распарадчыя і выканаўчыя органы, грамадскія арганізацыі.



Напачатку да акцыі падключыліся члены БРСМ. Вучань 9 «А» класа сярэдняй школы №2 г.п. Карэлічы Аляксандр Напорка прызнаўся, што ўдзельнічае ў акцыі ўпершыню. З радасцю згадзіўся, каб сваёй працай унесці ўклад у агульную справу. «Хочацца, каб берагі ракі Рута сталі прыгажэйшымі і чысцейшымі», — гаворыць дзевяцікласнік. Разам з ім прыйшлі шчыра папрацаваць аднакласнікі Сяргей Гінак, Іван Логіш, Аляксандр Шчарбоў.

Што ж, з такіх, на першы погляд, невялікіх спраў і пачынаецца любоў да Радзімы і прыроды, а чалавек прывучаецца да працы. Гэта і ёсць аснова нашага жыцця.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ























