Ва ўтульнай зале Карэліцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі сабраліся чатыры шматдзетныя сем’і Карэліччыны. Актыўныя і мэтанакіраваныя, яны не толькі захоўваюць вернасць сямейным традыцыям, але і з’яўляюцца спецыялістамі сваёй справы, займаюцца спортам і рамяством, маюць агульнае хобі.
Гэта сем’і Нарэка Геваргяна і Анаіт Арзуманян з Міра з дзецьмі Цігранам, Арташэсам і Манэ, Андрэя і Яны Галушка з Асташына з Іллёй, Дар’яй, Марыяй, Уладзіміра і Наталлі Кулініч з Палужжа, якія выхоўваюць Назара, Зарыну і Ульяну, а таксама Сяргея і Людмілы Сташчанюк з Райцы з Анастасіяй, Мацвеем, Палінай, Ксеніяй і Алінай.





У журы конкурсу працуюць намеснік старшыні райвыканкама, страшыня Карэліцкага РА партыі “Белая Русь” Яўген Чычкан, старшыня раённага аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд» Вольга Куляка, намеснік старшыні РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Лілія Арцюх, дырэктар ДУА «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў» Сняжана Каляда, дырэктар ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» Наталля Гароднік, старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Святлана Санцэвіч.
Яўген Чычкан падкрэсліў, што конкурс праводзіцца ў Год беларускай жанчыны, таму пажаданні былі самыя шчырыя і цёплыя: каб сям’я была моцнай, і ў ёй панавалі любоў, давер, шчасце, і дзеці раслі здаровымі і радавалі бацькоў.
Кожная сям’я павінна была прадставіць прэзентацыю сваёй сям’і праз творчы праект «Сям’я: формула шчасця», якая адлюстроўвае ўклад, захапленні, звычаі і традыцыі сям’і. Усе ўдзельнікі з вялікай адказнасцю падышлі да яго выканання, і кожны вывеў сваю формулу шчасця. Яна — у захаванні традыцый свайго роду, любові да роднага куточка, ва ўзаемаразуменні і падтрымцы сям’і, у любові да дзяцей.










Наступны этап — прадстаўленне сацыяльнага праекта, прысвечанага Году беларускай жанчыны. Тут прагучалі меркаванні ўдзельнікаў: «Жанчына была, ёсць і будзе ў гісторыі», «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся», «Трэба любіць, шанаваць, верыць — і ўсё атрымаецца», «Самае галоўнае — асабісты прыклад».
Маці траіх дзяцей, жыхарка вёскі Асташын Лукскага сельсавета Яна Галушка адзначае:
— Мы ўжо ўдзельнічалі ў конкурсе ў 2021 годзе і атрымалі перамогу ў адной з намінацый. Хачу адзначыць, што конкурс яшчэ больш збліжае сям’ю. Я рада, што муж згадзіўся выйсці на сцэну, а дзеці паказалі свае таленты. Мяне перапаўняюць эмоцыі: мы разам, і можам з гонарам сказаць аб тым, што мы — сапраўдныя сельскія жыхары. Наша сям’я знайшла шчасце на роднай зямлі, і мы прывіваем дзецям любоў да роднага куточка і шчаслівыя гэтым.






У хвалюючыя моманты ўдзельнікам конкурсу не давялося сумаваць. Цудоўныя словы і песні падарылі прысутным работнікі культуры.
Пераможцай конкурсу выйшла сям’я Нарэка Геваргяна і Анаіт Арзуманян з г.п. Мір. Астатнія сем’і-ўдзельнікі адзначаны Дыпломамі за ўдзел і каштоўнымі падарункамі.
Анаіт Арзуманян адзначае:
— Мы ўпершыню ўдзельнічалі ў такім конкурсе, гэта было вельмі цікава, незвычайна і вельмі адказна. Мы з дзеткамі доўга рыхтаваліся да конкурсу, гэта было і весела. Гэта яшчэ адна падстава, каб аб’яднацца ўсім разам.
Вельмі хацелася падзякаваць нашай сярэдняй школе г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай, якая падтрымала на гэтым шляху і, канешне, выказаць падзяку членам журы, якія заўважылі нас і так высока ацанілі нашы старанні, наш праект. Прыемна, што Беларусь, як другая Радзіма, прыняла нас і нашых дзяцей. Мы ганарымся, што жывём у Беларусі і старажытным Міры. Зараз пачнём рыхтавацца да абласнога этапа конкурсу “Сям’я года”, каб заявіць пра наш раён.





Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ
























