
У гэтыя ліпеньскія дні перастала біцца сэрца Ніны Сцяпанаўны Свірыд, шчырай і сумленнай працаўніцы, якая ўсё сваё жыццё служыла роднай Карэліччыне і яе жыхарам.
Нарадзілася Н. С. Свірыд у 1934 годзе ў вёсцы Рап’ёва Карэліцкага раёна. Працавала ў мясцовай гаспадарцы з пятнаццацігадовага ўзросту спачатку паляводам, з 1965 года — звеннявой па лёне калгаса імя Чарняхоўскага. Паказала сябе добрым арганізатарам і ўмелым кіраўніком. У 2005 годзе ўзначальваемае ёю звяно па вырошчванні лёну з плошчы 50 га атрымала 136 тон ільновалакна пры ўраджайнасці 27,2 ц з гектара.
Н. С. Свірыд — пераможца раённых і абласных спаборніцтваў па вытворчасці лёну. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі. Карысталася аўтарытэтам і павагай у спецыялістаў гаспадаркі і работнікаў вытворчага ўчастка. Заўсёды імкнулася прыйсці людзям на дапамогу.
Неаднаразова выбіралася членам праўлення калгаса імя Чарняхоўскага. З’яўлялася старастай вёскі Рап’ёва Турэцкага сельсавета на працягу больш дзесяці гадоў. Шмат увагі ўдзяляла пытанням добраўпарадкавання вёскі і навядзення парадку на зямлі.
Ніна Сцяпанаўна прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Карэліцкага раёна. З прадстаўнікамі мясцовай улады на нашай зямлі яна сустракала хлебам-соллю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку.
Праца Ніны Сцяпанаўны Свірыд высока ацэнена. Яна ўзнагароджана медалём «За працоўную доблесць» і Граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Яе прозвішча занесена ў Кнігу Славы Карэліцкага раёна, а партрэт змешчаны на Алеі Славы райцэнтра.
Памяць пра старанную і сумленную працаўніцу, чалавека актыўнай жыццёвай пазіцыі, чулага і нераўнадушнага да запытаў людзей, назаўсёды застанецца ў памяці тых, хто з ёй працаваў і хто яе добра ведаў. Для карэліччан яна будзе прыкладам вялікага працалюбства і бязмежнай любові да роднай старонкі, дзе прайшло яе жыццё і дзе яна сумленна працавала.
Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт.
Карэліцкі раённы Савет дэпутатаў.
Кіраўнікі прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу і перапрацоўчай прамысловасці Карэліцкага раёна.
Ветэраны працы Карэліцкага раёна.






