Як важна знайсці сябе ў жыцці, каб і справа радавала, і людзям была карысць. Толькі адданы сваёй прафесіі чалавек, які служыць ёй сумленна і шчыра, можа лічыць сябе шчаслівым. А шчасце, як аказваецца, побач: у штодзённых клопатах і імгненнях жыцця.
Таццяна нарадзілася ў Карэлічах. Скончыла сярэднюю школу № 1 райцэнтра. Вучылася ў Мінскім дзяржаўным вышэйшым радыётэхнічным каледжы па спецыяльнасці «маркетолаг». Затым завочна скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Пачынала спецыялістам, з 2014 года — спецыялістам па продажах Карэліцкага офіса продажу Слонімскага аддзела продажу Гродзенскага філіяла РУП «Белтэлекам».
— Мы прапаноўваем абанентам паслугі і тавары. Вялікім попытам карыстаюцца інтэрнэт, тэлебачанне, відэакантроль, з тавараў — тэлевізары, смартфоны, бытавая тэхніка вялікіх памераў, — адзначае Таццяна Найба і дадае, што ў Карэліцкім офісе продажу працуюць два спецыялісты. Яе калега Анастасія Аляксандраўна Пузік — адказная ў працы і ветлівая з наведвальнікамі, на яе можна пакласціся ў даручанай справе.
Асноўная мэта супрацоўнікаў офіса — задаволіць пажаданні абанентаў. У вырашэнні злабадзённых пытанняў аказваюць дапамогу члены калектыву і кіраўнік Дзмітрый Пятровіч Манчынскі. «Кожны зацікаўлены ў канчатковых выніках працы і задавальненні запытаў наведвальнікаў офіса», — сцвярджае суразмоўца.
На роднай Карэліччыне Таццяна Аляксандраўна знайшла і сваё жаночае шчасце. Муж Сяргей Уладзіміравіч мае сваю справу. Сын Максім — вучань 8 класа сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы. Дачка Васіліса наведвае дзіцячы садок райцэнтра.
— Я шчаслівая тым, што жыву на Карэліччыне, маю любімую справу і добрую сям’ю. І гэта ў родным краі, дзе нарадзілася і жывуць мае родныя і блізкія. Тут лічу сябе сваёй і патрэбнай людзям, — гаворыць Таццяна Найба.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ























