15 красавіка, напярэдадні правядзення адзінага дня інфармавання насельніцтва, ідэалагічны актыў раёна сабраўся на семінар-вучобу ў вялікай зале Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта.
Сустрэча прайшла пад старшынствам намесніка старшыні райвыканкама Яўгена Чычкана.

Яўген Мікалаевіч выступіў па асноўнай тэме: «Ад трагедыі на ЧАЭС да развіцця атамнай энергетыкі». Ён адзначыў, што трагедыя мінула, і ўжо асвойваюцца землі, якія прыносяць карысць і даходы. Зараз упор робіцца на мірны атам. Прамоўца закрануў і дадатковыя тэмы адзінага дня інфармавання насельніцтва. Звярнуў увагу на падман махляроў і праводзімую работу па прадухіленні пажараў. Заклікаў быць пільнымі і прадбачлівымі падчас адпачынку на прыродзе. Разводзячы кастры, неабходна захоўваць усе меры перасцярогі.
На нарадзе закрануты і шэраг іншых пытанняў. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Пётр Буляк звярнуў увагу прысутных на пытанне навядзення парадку каля помнікаў і ў месцах воінских пахаванняў і ахвяр вайны. Вялася размова аб падтрыманні сімволікі ў належным стане ў кабінетах і на будынках арганізацый раёна, а таксама аб вядзенні сацыяльных сетак. І што немалаважна: трэба прыняць актыўны ўдзел у рэспубліканскім суботніку.

Падчас правядзення вучобы ідэолагаў раёна абмеркавана пытанне па святкаванні 1 мая — Дня Працы, 9 мая — Дня Перамогі, 10 мая — Дня Дзяржаўных сімвалаў — Герба, Сцяга і Гімна Рэспублікі Беларусь. Па дадзеным пытанні выступілі загадчык сектара культуры райвыканкама Наталля Шпакоўская і дырэктар Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Гароднік. Адзначалася, што сёлета Дзень Перамогі будзе святкавацца ў г.п. Мір, два другія — у райцэнтры.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Святланы МАЛАХВЕЙ























