Анатолій Сямёнавіч Палуян з вёскі Некрашэвічы Турэцкага сельсавета — чалавек-легенда, чалавек- працаўнік, чалавек, моцна адданы роднай Бацькаўшчыне. За яго плячыма — восемдзясят вёснаў і зімаў — багатае пражытае жыццё.
Сёння журналіст раённай газеты «Полымя» вядзе гутарку з ім і яго дачкой Аленай Анатольеўнай Макар, намеснікам дырэктара КУСП «Чарняхоўскі-Агра» па ідэалагічнай рабоце.
— Што было галоўным у жыцці?
А.С.: — Праца. Маю 66 гадоў працоўнага стажу, з іх — 47 загадчыкам участка, спачатку ў калгасе імя Суворава, затым у калгасе імя Чарняхоўскага. Я моцна любіў сваю справу — служыў роднай зямлі і людзям. Вельмі рады, што тут працуе мая дачка Алена.
А.А.: — Хачу пачаць са знаёмай народнай прымаўкі: «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся». Спачатку дзесяць гадоў працавала ў роднай Некрашэвіцкай базавай школе настаўніцай пачатковых класаў, затым дзесяць гадоў дырэктарам гэтай жа школы. Потым, калі закрылі школу, паступіла прапанова заняць пасаду намесніка старшыні па ідэалагічнай рабоце КУСП «Чарняхоўскі-Агра» — я дала згоду. І вось ужо амаль шаснаццаць гадоў з’яўляюся ідэолагам сельгаспрадпрыемства.
— Вы шмат увагі ўдзялялі грамадскай дзейнасці. Калі ласка, паведайце аб гэтым накірунку.
А.С.: — На працягу ўсяго працоўнага жыцця выбіраўся дэпутатам абласнога, раённага і сельскага Саветаў. З моманту ўвядзення інстытута стараст вёсак выбіраўся і старастам вёскі Некрашэвічы. Я сачыў за парадкам у вёсцы, разам з сельскімі жыхарамі імкнуліся навесці парадак на могілках. Па маёй просьбе пакладзены асфальт у Некрашэвічах, выкапаны вадаёмы на яе тэрыторыі, каб дзецям было дзе адпачыць падчас летніх канікул. Разам з аднавяскоўцамі садзілі дрэвы, каб родны куточак патанаў у зеляніне, яго краявіды радавалі сэрца. З сяльчанамі наводзілі парадак на роднай зямлі і нашы старанні былі заўважаны — вытворчаму ўчастку неаднаразова прысвойвалася званне «Участак высокай культуры земляробства».
А.А.: — Мая грамадская дзейнасць заснавана на ўдзеле ў грамадскіх аб’яднаннях: «Белая Русь», «Беларускі саюз жанчын», прафсаюзах. Люблю спорт, прымаю ўдзел у раённых спаборніцтвах. З’яўляюся ўдзельніцай народнага ансамбля песні «Турэцкі гасцінец». Удзельнічаю ў рознага роду фестывалях, конкурсах.
— Што значыць для Вас сям’я?
А.С.: Сям’я — аснова ўсяго жыцця. З жонкай Верай Аляксандраўнай мы пражылі 58 гадоў, пабудавалі дом, выхавалі траіх дзяцей, маем 6 унукаў і 5 праўнукаў. Хачу адзначыць, што за ўсе прафесійныя заслугі і ўдзел у грамадскім жыцці я абавязаны спадарожніцы жыцця. Яна заўсёды падтрымлівала мяне ў маіх працоўных буднях, якія доўжыліся з самай раніцы да позняга вечара. Выхаванне дзяцей і клопаты па доме таксама былі ўскладзены на яе жаночыя плечы. У сям’і быў парадак, панавалі лад і ўзаемаразуменне.
А.А.: — Я ўдзячна бацькам, што прывілі мне любоў да зямлі і роднага краю. Я ніколі не планавала пераехаць у вялікі горад і штосьці змяніць у маім прафесійным жыцці. Нават пасля заканчэння інстытута хацелася працаваць толькі ў роднай школе. Мае браты Анатолій і Віктар таксама не змянілі вясковую цішыню і прыгажосць на шум вялікага горада. Засталіся жыць, працаваць на роднай Карэліччыне.
— Што значыць для Вас Карэліччына?
А.С.: — У Карэліцкім раёне жылі і жывуць працавітыя і добразычлівыя людзі. Амаль кожнага жыхара — ад простага вяскоўца да старшыні райвыканкама — ведаў не толькі ў твар, але і асабіста. Нават наша маленькая радзіма, вёска Некрашэвічы, багатая на знакамітых, таленавітых людзей. Гэта былы міністр замежных спраў Уладзімір Макей, былы міністр па падатках і зборах Уладзімір Палуян, вядомыя гісторыкі Іван Палуян і Уладзімір Палуян, Пётр Башко і многія іншыя. Тут, на Карэліцкай зямлі, заўсёды дабіваліся высокіх ураджаяў — Карэліччына была кузняй кадраў, тут умелі працаваць. Сёння за нашых землякоў не прыходзіцца чырванець.
А.А.: — Для мяне гэта ўсё: людзі, зямля, прырода і адчуванне таго, што я тут патрэбная, што прыношу карысць. Ад гэтага на душы добра, лёгка, камфортна.
— Што найбольш цэніце ў людзях?
А.С.: — Працавітасць, справядлівасць, адказнасць. У гады маёй прафесійнай дзейнасці такіх людзей было шмат, на іх трымалася гаспадарка, увесь наш раён.
А.А.: — Хачу яшчэ дадаць сумленнасць і дабрыню, адданасць сваёй справе.
— На Вашу думку, з чаго пачынаецца Радзіма?
А.С.: — З бацькоўскага парога, з клапатлівых бацькоў, якія шчыра працавалі на зямлі ўсё жыццё, з дружнай сям’і.
А.А.: — З шэпту спелага калосся на жытнёвых палетках, спеву жаўрука ў небе, з матчынай песні каля калыскі, з усяго такога дарагога сэрцу, што немагчыма ніколі забыць і нічым замяніць у жыцці.
— Жыццё пражыта недарэмна — і яно прадаўжаецца…
А.С.: — За добрасумленную працу ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалём «За працоўную адзнаку», Граматамі Вярхоўнага і абласнога Савета дэпутатаў, прысвоена званне «Заслужаны калгаснік».
А.А.: — Для мяне галоўнае, каб як мага даўжэй жылі мае бацькі, яны — мая пуцяводная зорачка ў жыцці. Працягваць іх справы на роднай зямлі.
— Вашы пажаданні карэліччанам.
А.С.: — Каб людзі вярталіся ў вёскі, каб вёска працягвала жыць. Усім жыхарам беларускай зямлі — мірнага неба і моцнага здароўя.
А.А.: — Росквіту і ўмацавання табе, Карэліччына! Няхай і надалей яе працаўнікі радуюць добрымі ўраджаямі і добрымі справамі! Няхай у школах і сем’ях звініць дзіцячы смех, а людзі будуць здаровыя і шчаслівыя!
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ








