Зямля патрабуе парадку
У Цырынскім сельвыканкаме працягваюцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі аграгарадка і акаляючых вёсак. У лютым бягучага года знесена два нежылых дома, спілавана 12 аварыйных дрэў, праведзена высечка хмызняковай расліннасці каля вёскі Застадолле. Работы па добраўпарадкаванні працягнуцца.
Павіншавалі на рабочым месцы

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь народны калектыў народнай музыкі і песні “Цырынскія музыкі” разам з намеснікам старшыні па ідэалагічнай рабоце КСУП “Лукі-Агра” Аленай Панько павіншавалі мужчынскі калектыў прадпрыемства — работнікаў мехмайстэрняў “Лукі” і “Альшаны” на рабочым месцы.

Краса роднай мовы

Да Міжнароднага дня роднай мовы ў Цырынскай сельскай бібліятэцы прайшла пазнавальная гадзіна «Краса роднай мовы». Бібліятэкар расказала аб важным значэннi мовы ў жыццi чалавека, асаблiва роднай мовы. Прагучала шмат беларускамоўных прыказак, прымавак, загадак, у якiх адлюстроўваюцца старадаўняя мудрасць i душа беларускага народа. I, вядома, звярнулiся да беларускай паэзii.

Для дзяцей у бібліятэцы Цырынскай сярэдняй школы праведзена літаратурная гасцёўня “Беларускія чытанкі-забаўлянкі для самых маленькіх”. Дзеці развучылі песенкі і пацешкі, якія дапаўнялі танцавальнымі рухамі. Таксама падчас экскурсіі ў бібліятэку выхаванцы наведалі выставу дзіцячых кніг “З любоўю да роднай мовы”.

Карысныя заняткі

У Цырынскай СШ прайшлі класныя гадзіны ў рамках тэматычнай праграмы “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма”. Вучні 3 класа абмеркавалі тэму “Галоўная праца акцябрат — вучоба”. Адказная за працу з дзіцячымі і маладзёжнымі аб’яднаннямі Вольга Стасевіч пазнаёміла рабят з праектамі БРПА і правяла для іх інтэрактыўную гульню “Мая Беларусь”. Вучні сярэдніх і старэйшых класаў паглыбілі свае веды ў галіне інфармацыйнай бяспекі і распрацавалі памяткі “Этыкет у сетцы”.

Сяргей СТОЛЯР






















