
Да Дня роднай мовы
У Ярэміцкай базавай школе пачалі падрыхтоўку да Дня роднай мовы, які будзе адзначацца 21 лютага. З гэтай нагоды плануецца арганізаваць выставу вырабаў, якія засталіся ад бабуль і прабабуль: ручнікоў, абрусаў, покрыва, фіранак, кашуляў. Паказаць вучням, як ткалі раней — у школьным музеі маюцца верацёны і калаўроты.
Важна, каб дзеці змаглі дакрануцца да мінулага не толькі душой, але ўбачыць гэтыя рэчы на свае вочы і патрымаць іх у руках.
Падчас правядзення мерапрыемства вучні будуць адгадваць загадкі і крыжаванкі, чытаць вершы, на працягу дня размаўляць па-беларуску.
Плануецца прэзентаваць стравы беларускай нацыянальнай кухні.
Пытанне нумар адзін
Прынёманскі край славіцца сваімі краявідамі. Навакольная прыгажосць заварожвае па-свойму: у мастакоў і паэтаў выклікае натхненне, а ў яго жыхароў любоў да роднага краю ўзрастае з кожным днём. Работнікі Ярэміцкага сельсавета падыходзяць да навядзення парадку на зямлі вельмі адказна.
Работы ў гэтым накірунку ўжо пачаты. Добраўпарадкавана вуліца Жука ў аграгарадку Ярэмічы: высеклі хмызнякі. Гэтай працай былі заняты работнікі сельсавета і мясцовыя жыхары.
Наведзены парадак на прылягаючай тэрыторыі да могілак вёскі Даўгінава. Хмызнякі ўбраны і ад школьнага стадыёна да дарогі Ярэмічы-Сіняўская Слабада. Работы выкананы сумеснымі намаганнямі работнікаў сельвыканкама, СВК «Царука», вяскоўцаў — і адрэзак шляху набыў належны выгляд.
Рыхтуюцца да вясны
Агульная плошча Ярэміцкага лясніцтва складае 8048,1 гектара, з іх 7211,4 — пакрыта лесам. У састаў лясніцтва ўваходзяць два майстарскія ўчасткі. Тут працуе калектыў у саставе пятнаццаці чалавек. Сярод іх — рабочыя: вальшчыкі, лесаводы, трактарысты, вадзіцель, а таксама ляснічы, яго памочнік, майстры, бухгалтар. Старанні калектыву накіраваны на нарыхтоўку лесапрадукцыі, догляд і ахову лесу.
Наперадзе вясна, і ўжо зараз праводзяцца падрыхтоўчыя работы да новага сезона. Работнікаў лясніцтва чакае адказная работа: пасадка лесу і нарыхтоўка соку. У полі зроку і падрыхтоўка да пажара-небяспечнага перыяду. Стараюцца ўлічыць кожны нюанс, каб папярэдзіць бяду.
Галіна СМАЛЯНКА






















