
У кожнага чалавека сваё шчасце. У адных — гэта справа па душы, у другіх — сям’я і дзеці, у трэціх — добрыя сябры. Ёсць сярод гэтай кагорты і шчасліўчыкі: яны маюць усё спаўна.
Анастасія нарадзілася і вырасла ў Карэлічах. У 2011 годзе скончыла гімназію № 1. Пазней атрымала дзве вышэйшыя адукацыі: у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце і Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце.
Першае месца працы — ААТ «Карэлічы-Лён». Тут пачала працаваць эканамістам. У 2023 годзе была назначана галоўным эканамістам прадпрыемства. Прафесія падабалася, таму атрымала другую вышэйшую адукацыю, скончыўшы факультэт эканомікі і кіравання на прадпрыемствах і ў прамысловасці.
— Эканаміст аналізуе дасягнутыя паказчыкі на прадпрыемстве, плануе і прагназуе іх, займаецца пытаннямі цэнаўтварэння выпускаемай прадукцыі, мае шэраг іншых абавязкаў, — гаворыць Анастасія і прызнаецца, што абраная справа вельмі падабаецца. Яна пастаянна вывучае новаўвядзенні ў заканадаўстве, бо прадпрыемства дынамічна развіваецца. Планава-эканамічны аддзел невялікі — яна ды эканаміст. Калега Таццяна Батура, якая мае вялікі вопыт у працы, падтрымае, параіць, дапаможа.
Галоўны эканаміст аб сваім выбары не шкадуе. Па яе меркаванні, ёй увогуле пашанцавала. У ААТ «Карэлічы-Лён» — добры кіраўнік і дружны калектыў. «Я адчуваю сябе на сваім месцы. Як дома, дзе ўсё і пра ўсіх ведаеш — і хочацца працаваць найлепш «, — гаворыць яна.
Не мінула Анастасію жаночае і мацярынскае шчасце. Муж Аляксандр мясцовы, з аграгарадка Лукі, працуе індывідуальным прадпрымальнікам. У сям’і падрастаюць дзесяцігадовая Паліна і чатырохгадовая Аляксандра. У райцэнтры жывуць бацькі, візіты да якіх і сустрэчы з імі ў вялікую радасць.
Як вядома, добрая, любімая праца — хіба гэта не шчасце? Спяшацца дадому, дзе цябе чакае сям’я, — таксама шчасце. І самае вялікае шчасце — працаваць і жыць на роднай зямлі.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота з архіва героя публікацыі









