На сустрэчу з паэткай і празаікам Людмілай Кебіч у Карэліцкую раённую бібліятэку прыйшлі прыхільнікі яе творчасці. Ва ўтульнай чытальнай зале сярод мноства кніг, часопісаў і газет адбылася шчырая размова, дзе знайшлося месца паэтычнаму слову і шчырым прызнанням.
Пачалася сустрэча з верша «Край паэтаў», які прачытаў ветэран працы культуры, жыхар райцэнтра Васілій Чартко. Дарэчы, пераважная большасць яе ўдзельнікаў — прадстаўнікі залатога ўзросту, якія працягваюць сябраваць з кнігай.
Першыя творы Людмілы Кебіч з’явіліся ў 1962 годзе. Пісьменніца імкнецца перадаць свае пачуцці пераважна на роднай мове.
— Наша мова роўная сярод іншых. Я люблю яе і вывучаю нанова. Яна даступная і прыгожая, — адзначыла Людміла Антонаўна і прызналася, што ў яе ёсць кнігі і на рускай мове. Асноўныя тэмы яе творчасці — тэмы Радзімы і кахання. Пэўную ўвагу надае прозе і дзіцячай літаратуры. Ужо самі назвы твораў не могуць пакінуць раўнадушнымі, і іх абавязкова захочацца прачытаць: «Мая маленькая радзіма», «Шчасце», «Белая зямля», «Беларусі», «Музыка роднага слова» і многія іншыя.
Амаль дваццаць гадоў Людміла Кебіч узначальвае Гродзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.
На сустрэчы яна адзначыла творчасць нашай зямлячкі, краязнаўцы Святланы Кошур з райцэнтра і ўручыла Падзячны ліст і Грамату за шматгадовую плённую літаратурна-творчую і грамадска-навуковую дзейнасць. У сваю чаргу Святлана Андрэеўна выказала словы вялікай удзячнасці госці. Пажадала, каб любоў да роднай зямлі была невычэрпнай, і будучыня была напоўнена новымі творамі. У якасці падарунка ўручыла Людміле Кебіч «Лебядзіную песню» — кнігу пра нашага земляка Валянціна Рамановіча. Такое ж выданне, а таксама кнігі «Вяртанне на Радзіму», «Золотая подкова Свитязи», «На земле Кореличской» краязнаўца падарыла і Карэліцкай раённай бібліятэцы.
Сустрэча атрымалася шчырай і цёплай. Дырэктар бібліятэкі Лілія Арцюх выказала словы ўдзячнасці яе гасцям і ўдзельнікам.


Дарэчы, у гэты дзень Карэліччыну наведала і гродзенская пісьменніца Ірына Салата. Яна піша пра прыроду і дзіцячыя кнігі. Сярод іх — «Мой родны край лясны — мая Радзіма», «Акварэлі пачуццяў», «Казкі пра чароўныя лялькі і іх начныя размовы», «Лялькі з беларускага куфэрка» і іншыя. Хутка выйдзе ў выдавецтве «Беларусь» кніга «Русалчына затока». Пісьменніца сустрэлася з вучнямі шостага класа сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ






















