
У актавай зале адміністрацыйнага будынку КСУП «Племзавод Карэлічы» адбыўся шырокамаштабны сельскі сход. Яго ўдзельнікамі сталі працаўнікі прадпрыемства і жыхары аграгарадка Палужжа. На сустрэчу з імі прыехалі прадстаўнікі служб раёна, каб пагаварыць на актуальныя тэмы, якія сёння хвалююць многіх грамадзян.
Адкрыў сустрэчу старшы інспектар Карэліцкага раённага аддзела па назвычайных сітуацыях Павел Купрас. Прамоўца, прааналізаваўшы статыстычныя даныя аб пажарах у раёне, зазначыў, што асноўнай іх прычынай з’яўляецца курэнне ў ложку ў нецвярозым стане. Каб засцерагчы сябе і блізкіх ад бяды, заклікаў устанаўліваць у жылых памяшканнях дамоў і кватэр аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Неабходна, каб яны працавалі пастаянна, пры неабходнасці мяняць батарэйку. АПА не раз выратоўвалі жыцці людзей, і гэта вельмі патрэбная рэч для ўладальнікаў жылых памяшканняў.
Павел Іванавіч таксама засяродзіў увагу прысутных на пытанні спальвання сухой расліннасці. Катэгарычна забараняецца яе спальваць на корані, а вось смецце паліць дазваляецца. Толькі трэба абкапаць месца, мець пры сабе вядро з вадой, ні ў якім разе нельга пакідаць касцёр без нагляду.

Не абышоў увагай і паводзіны дзяцей на канікулах: за імі патрэбна пільна сачыць. Свавольства з запалкамі іншы раз прыводзіць да неабдуманых учынкаў. І гэта зусім не жарты, калі гараць сцірты саломы. І ўрон для гаспадаркі вялікі, і непаўналетніх парушальнікаў ставяць на ўлік. «Бяду можна прадухіліць, патэлефанаваўшы па нумарах 101 і 112», — адзначыў выратавальнік.

Пільнымі і прадбачлівымі заклікаў быць оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў Максім Меляняка. Праваахоўнік праінфармаваў грамадзян на тэму кіберзлачыннасці. Каб не здарылася бяды і не страціць сваіх грошай, неабходна вельмі насцярожана адносіцца да тэлефонных званкоў незнаёмых грамадзян, якімі бы яны не былі настойлівымі. Непаразуменні найчасцей узнікаюць пры пакупцы тавараў праз Інтэрнэт. Не трэба паведамляць пашпартных даных, супрацоўнікі міліцыі іх не папросяць. Махляры могуць прадстаўляцца і сваякамі, у гэта не трэба верыць, а ператэлефанаваць родным і блізкім людзям.
Майстар службы транспарту і рэалізацыі звадкаванага газу Карэліцкага гаргазу Мікалай Рытус даваў тлумачэнні наконт карыстання газавымі плітамі: пасля прыгатавання ежы краны неабходна перакрыць. Калі газавай пліце больш дзесяці гадоў карыстання, то трэба правесці яе дыягностыку, і калі непрыгодная, абавязкова замяніць. Што датычць газавых балонаў, іх нельга рамантаваць самім, а звяртацца ў гаргаз. Заклікаў не захоўваць старых газавых балонаў, а здаваць у газавыя гаспадаркі.

Аб тым, што электрычнасць прыносіць не толькі вялікую карысць, але і шкоду, гаварыў на сустрэчы галоўны інжынер Карэліцкага раёна электрычных сетак Ігар Самалюк. Іншы раз бяда падпільноўвае нават рыбакоў: калі іх 7-мятровыя вуды дастаюць да электрычных правадоў, здарыцца бяда. Заклікаў звяртаць увагу на электрычную праводку, якая не заўсёды разлічана на карыстанне сучаснай тэхнікай у вялікай колькасці.
Насцярожана трэба адносіцца і да ўпаўшых на зямлю электрычных правадоў і не падыходзіць да іх. Была і свайго роду парада: ні ў якім разе самім нельга чыніць паломкі электрычнасці, гэта павінны рабіць спецыялісты.

Карыснай была для прысутных і інфармацыя начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іны Богуш. Яна паведала аб падтрымцы дзяржавай адзінокіх пажылых грамадзян і інвалідаў першай і другой груп пры замене электраправодкі, рамонце печаў, устаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і іншых паслугах. Паведаміла пра аказваемыя паслугі ЦСАН Карэліцкага раёна для пенсіянераў: мыццё бялізны, паслугі цырульніка, надомнае абслугоўванне, а таксама — пра сацыяльныя ложкі ў Мірскай бальніцы, Лукскую бальніцу сястрынскага догляду, Жухавіцкі сацыяльны пансіянат «Івушка».




Як паказала сустрэча, узнятыя пытанні аказаліся слушнымі. Хочацца спадзявацца, што ўдзельнікі сельскага сходу зробяць для сябе пэўныя вывады і будуць правільна карыстацца правіламі ў быту.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЗУЗА









