
З 28 сакавіка па 21 красавіка на базе нашага раёна праводзіцца праверка гатоўнасці сістэмы кіравання тэрытарыяльнай абароны. Асноўная мэта збораў — адпрацоўка ключавых пытанняў згодна з распрацаваным для ўсёй краіны і кожнага рэгіёна планам тэрытарыяльнай абароны, які прадугледжвае мноства мерапрыемстваў па тактычнай, тэарэтычнай і баявой падрыхтоўцы.


28 сакавіка 20 ваеннаабавязаных прыбылі на пункт апавяшчэння і збору адасобленай групы Карэліцкага раёна, разгорнуты на базе Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. У ваеннаабавязаных праверылі наяўнасць ваеннага білета, павесткі і іншых дакументаў. Пасля чаго была сфарміравана каманда з 11 афіцэраў запасу, якая накіравалася на пункт прыёму асабовага саставу, размешчаны на базе былога Карэліцкага прафтэхліцэя. Тут адбыўся прыём і размеркаванне асабовага саставу, пасля чаго ваеннаабавязаных забяспечылі неабходнай экіпіроўкай і абмундзіраваннем. 30 сакавіка і 3 красавіка на зборы ў Карэліцкім раёне будуць прызваны яшчэ 36 ваеннаабавязаных з ліку сяржанцкага і радавога саставу, пасля чаго будуць сфарміраваны дзве роты.











— На тэрыторыі Карэліцкага раёна праводзяцца зборы з прыпісным саставам на штатных воінскіх пасадах, — адзначае вайсковы пасярэднік пры камандзіры батальёна падпалкоўнік Арцём Трубнікаў. — У ходзе збораў будзе праведзена баявое зладжванне, заняткі па баявой, інжынернай, радыяцыйна-хімічнай падрыхтоўцы. Зборы пройдуць на тэрыторыі Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў. На завяршальным этапе адбудзецца камандна-штабное вучэнне, падчас якога ваеннаабавязаныя прадэманструюць, чаму навучыліся за час збораў.

Карэліччанін Аляксандр Галушка — у цывільным жыцці ўзначальвае сектар спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама, а ў час правядзення збораў – намеснік камандзіра батальёна.
— Берцы і форма для мяне — звыклае абмундзіраванне. Шмат гадоў служыў у міліцыі і лічу, што абарона Радзімы – абавязак кожнага грамадзяніна. Думаю, гэтыя зборы дапамогуць мне набыць новыя навыкі па ваеннай спецыяльнасці, — падзяліўся Аляксандр Аляксандравіч.

Віталій Варанко працуе ў Карэліцкай сельгастэхніцы юрысконсультам. Дома яго чакаюць жонка і двое сыноў.
— Для мяне зборы будуць праходзіць на тэрыторыі Навагрудскага раёна. У свой час скончыў Баранавіцкую школу міліцыі, працаваў участковым інспектарам у Карэліцкім РАУС. Вопыт службы ў мяне ёсць, дысцыпліна, распарадак дня — не ў навінку. Атрымаў павестку і зрэагаваў на гэта спакойна. Такія зборы патрэбныя, каб абнавіць наяўныя веды, таму што для мяне гэта першыя зборы пасля службы ў арміі.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара







