Людзі, якія сумленна выканалі воінскі інтэрнацыянальны абавязак, не застаюцца без увагі, клопату і падтрымкі з боку дзяржавы. 14 лютага ўрачысты прыём ад імя старшыні аблвыканкама, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, адбыўся ў агратурыстычным комплексе “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”. На святочным мерапрыемстве пабываў карэліччанін, воін-інтэрнацыяналіст Станіслаў Сакалоў.

У ходзе прыёму з кіраўніцтвам Гродзенскага аблвыканкама, прадстаўнікамі Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва абмеркавалі пытанні, якія цікавяць воінаў-афганцаў. Гаворка ішла аб патрыятычным выхаванні моладзі, падтрымцы курсу на мірнае развіццё нашай дзяржавы, а таксама аб тым, якая падтрымка патрэбна сёння воінам-інтэрнацыяналістам. Ветэранам таксама расказалі, якія важныя для іх навацыі з’явіліся ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь.
Сёння афганцы з’яўляюцца дастойнымі прадаўжальнікамі традыцый ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і актыўна ўдзельнічаюць у будаўніцтве моцнай, квітнеючай Рэспублікі Беларусь. Шчырую падзяку, кветкі і падарункі атрымаў кожны ўдзельнік мерапрыемства.
Станіслаў Анатольевіч адзначае, што пабываць на такім мерапрыемстве для яго вялікі гонар:
— Добра памятаю той дзень, калі савецкія войскі былі выведзеныя з Афганістана. Кожны з нас адчуваў неверагодны боль з-за загінулых таварышаў. Вельмі хочацца, каб людзі шанавалі мір. Каб моладзь прыслухоўвалася да старэйшага пакалення, каб разам мы змаглі зберагчы нашу краіну ад вайны. Таму што мір — самае каштоўнае, што можа быць. А увогуле, для нас, ветэранаў афганскай вайны, вельмі важна збірацца разам у гэты дзень. Прыемна было сустрэцца з воінамі-інтэрнацыяналістамі з іншых раёнаў. Асабіста я заўсёды імкнуся не заставацца ўбаку ад мерапрыемстваў, прысвечаных Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, штогод удзельнічаю ў сустрэчах, мітынгах. Памяць пра той страшны ваенны час, нягледзячы на даўнасць падзей, захоўваецца дагэтуль. Такое забываць нельга, а наадварот, трэба памятаць і расказваць падрастаючаму пакаленню.
Кацярына КУКАНАВА






















