З прыходам цяпла кожны гаспадар імкнецца прывесці свой прысядзібны ўчастак у парадак: прыбраць сухую траву, абрэзаць галінкі і ачысціць тэрыторыю ад леташняга смецця. Аднак гэта звычайнае жаданне акультурыць тэрыторыю часам абарочваецца бядой, калі не прытрымлівацца парад выратавальнікаў.
Каб вясновая ўборка не скончылася выклікам службы выратавання, работнікі Карэліцкага раённага аддзела МНС рэгулярна праводзяць прафілактычныя рэйды, нагадваючы грамадзянам правілы бяспекі.
Прадстаўнікі службы выратавання падрабязна тлумачаць, як навесці парадак без рызыкі для жыцця, і папярэджваюць аб адказнасці за незаконнае выпальванне сухой расліннасці.


– Спальваць смецце на сваім участку можна, але толькі пры строгім выкананні правілаў. Перш за ўсё, месца для вогнішча павінна быць ачышчана ад гаручых матэрыялаў і сухой травы, каб агонь не распаўсюдзіўся. Абавязкова трымаеце пад рукой першасныя сродкі пажаратушэння: вядро з вадой, лапату ці вогнетушыцель. Галоўная ўмова – працэс павінен быць пад пастаянным кантролем. І памятайце: разводзіць агонь можна толькі ў зацішнае надвор’е на бяспечнай адлегласці ад будынкаў, – растлумачыла інспектар раённага аддзела МНС.

Напрыканцы размовы выратавальнікі ўручалі ўсім тэматычныя памяткі. У гэтых буклетах сабраны карысныя парады ад службы «101» і алгарытмы дзеянняў пры ўзнікненні пажару.























