Бяспечнае дзяцінства – гэта фундамент, на якім будуецца паспяховая будучыня кожнага дзіцяці. Менавіта таму так важна навучаць іх правілам бяспекі з самага ранняга ўзросту, фармуючы культуру паводзін.
На днях незвычайнае і яркае мерапрыемства прайшло ў Малюшыцкім дзіцячым садку. Выратавальнікі сумесна з работнікамі цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва арганізавалі для выхаванцаў захапляльнае падарожжа ў свет бяспекі. Каб зрабіць сустрэчу яшчэ больш запамінальнай, да дзяцей зазірнулі незвычайныя госці – смешныя клоуны. Па сюжэце гульні вясёлыя персанажы ўвесь час спрабавалі заблытаць дашкалят, прапаноўваючы ім небяспечныя забавы і няправільныя варыянты адказаў. Аднак малыя не паддаліся на правакацыі. Яны праявілі кемлівасць, дружна справіліся з усімі пасткамі і беспамылкова выканалі кожнае заданне. Галоўным настаўнікам і памочнікам для дзяцей у гэтым няпростым выпрабаванні стала інспектар прапаганды Карэліцкага раённага аддзела МНС Кацярына Зуза. Яна дапамагала малым разабраць кожную небяспечную сітуацыю і знайсці правільны выхад.






– Памятайце, што запалкі дзецям – не цацкі! Агонь можа стаць злым ворагам за лічаныя секунды, таму ніколі не чапайце запалкі, запальніцы і не ўключайце самастойна электрапрыборы. Калі раптам здарылася бяда, не хавайцеся, а адразу выбягайце на вуліцу і выклікайце выратавальнікаў па нумарах 101 ці 112. Выразна назавіце свой адрас і раскажыце што здарылася, – нагадала Кацярына Зуза.
Свята бяспекі завяршылася ўручэннем карысных падарункаў ад МНС і яркімі фота на памяць.























