Дзень жанчын — цудоўнае веснавое свята. Яго з нецярпеннем чакалі дзяўчынкі, жанчыны, бабулі. Хацелася ўвагі, кветак, падарункаў і добрага слова — і іх атрымалі.
На жаль, не заўсёды чуем у паўсядзённым жыцці добрыя словы, хоць жадаем, каб яны гучалі з дня ў дзень. Гэта датычыць не толькі прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва. Сапраўды, хто адмовіцца ад шчырых і пяшчотных слоў, якія вярэдзяць душу і ўзнімаюць настрой?
Існуе меркаванне, што дабро вяртаецца. Як і тое, што дабрыні ніколі не бывае замнога. А яшчэ: чаго сам не хочаш, таго і іншаму не жадай.
Што да слова, яно мае вялікую сілу. Перад тым, як нешта сказаць, трэба добра падумаць. Як слова адгукнецца ў душы чалавека — гэта немалаважна. Неаднойчы было заўважана: слова і лечыць, і калечыць. Яно можа ўзняць да высот і апусціць зусім нізка. Трэба думаць пра сказанае як у хвіліны радасці, так і хвіліны роспачы.
Паэтычнае слова… З асаблівай цеплынёй чытаю прызнанні ў любові роднаму краю. Як гэта вось у беларускага паэта Пімена Панчанкі ў вершы «Беларусі»:
Ты ляці, маё слова, праз палі і лясы,
Прывітайся з краінай маёй дарагою.
Беларусь, я — твой воін адданы і сын,
Мае думкі і сэрца заўсёды з табою.
Добрая песня таксама ўзрушыць душу. Хто з нас, прадстаўнікоў старэйшага пакалення, не памятае радкі: «Пагавары са мною, мама, Аб чым -нібудзь пагавары, Да зорнай поўначы, да самай, Аб чым-нібудзь пагавары…»? Яны ўсплываюць ў памяці праз шмат гадоў, як і вобраз матулі, якой ужо няма побач. Хочацца сказаць маладым: «Наведвайце матуль, пакуль яны жывыя! Гаварыце добрыя словы!…»
Сям’я — гэта родныя людзі, і словы ад сэрца будуць дарэчы. Яны не толькі ўзнімуць ім настрой, а дапамогуць паверыць у заўтрашні дзень. Не адкладвайце сустрэчу на заўтра, яе можа проста не быць, а тэлефанаваць старайцеся як мага часцей. Матулі чакаюць вашых візітаў і тэлефонных званкоў. Гэта маладым патрэбна не менш.
А як патрэбны дзецям і ўнукам чароўныя словы! Гэта казкі на ноч, якія застаюцца ў памяці на ўсё жыццё. І такі родны голас, хто іх чытаў. Казкі патрэбны, каб дзяўчынкі і хлопчыкі паверылі ў дабро і маглі тварыць яго ў дарослым жыцці.
Шчырага слова чакаюць і дарослыя. Інакш не было б столькі рэкламадаўцаў у раённай газеты «Полымя». Яны стараюцца павіншаваць родных, блізкіх, знаёмых, калег са знамянальнай падзеяй у жыцці. Многія выказваюць словы падзякі людзям, якія падтрымалі ў складанай сітуацыі. Віншаванні і падзякі знаходзяць месца на старонках раёнкі і добры водгук у сэрцах імяніннікаў і чытачоў «Полымя».
Ёсць у будзённым жыцці і тое, пра што не хочацца маўчаць. Святары называюць брыдкаслоўе адным з грахоў. Яго няпроста пераадолець, да яго прызвычаюцца і не заўважаюць. Вось бы раз і назаўсёды зразумець тым, хто ўжывае гэтыя ганебныя словы, што мацюкі калечаць душу і ад іх трэба пазбавіцца. Неабходна пасябраваць з добрымі словамі, ад якіх зыходзяць цеплыня і пяшчота.
Галіна СМАЛЯНКА























