Рэлігійная арганізацыя «Праваслаўнае рэлігійнае Сястрыцтва ў гонар страстацерпіцы царыцы Аляксандры ў г.п. Карэлічы Навагрудскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы» сёлета адзначыла сваё 25-годдзе з дня заснавання. З гэтай нагоды гутарым са старшай сястрой Сястрыцтва Святланай Міхайлаўнай Дунец.
— Святлана Міхайлаўна, хто быў заснавальнікам і першымі сёстрамі Сястрыцтва?
— Заснавальнікам Сястрыцтва з’яўляецца Ніна Ігнацьеўна Масюкевіч, якая ўзначальвала яго з 2001 па 2015 год. Першымі яго сёстрамі былі Ала Міхайлаўна Буслейка, Галіна Пятроўна Рудая, Алена Мікалаеўна Мароз, Валянціна Мікалаеўна Дробная і іншыя.
— 25-годдзе з дня заснавання Сястрыцтва — гэта пэўны адрэзак часу. Якія справы былі на яго рахунку напачатку дзейнасці?
— Аказвалі дабрачынную дапамогу і развозілі прадукты харчавання маючым патрэбу ў падтрымцы і дапамозе. Заснавальнікам быў Аляксей Мірановіч, які даваў благаславенне на добрыя справы, якія праводзіла Сястрыцтва ў першыя гады сваёй дзейнасці.
— Якія накірункі дзейнасці выкарыстоўваеце зараз?
— Наведваем шматдзетныя сем’і, адзінокіх састарэлых пенсіянераў на даму і ў бальніцы, аказваем дапамогу ў навядзенні парадку ў мясцовай царкве і добраўпарадкаванні яе тэрыторыі. У райбальніцы праводзім падрыхтоўку хворых да споведзі і прычасця, удзельнічаем у іх прычашчэнні са святаром, а таксама прыбіраем могілкі.
— Сястрыцтва можна сустрэць на розных мерапрыемствах праваслаўнага накірунку.
— Гэта наведванне Хрэсных хадоў, прыём паломнікаў, аказанне дапамогі царквам раёна ў правядзенні мерапрыемстваў, а таксама ездзім у Лукскую бальніцу сястрынскага догляду і Жухавіцкі сацыяльны пансіянат «Івушка», куды сёстры прывозяць сваё печыва і па патрэбе дабрачынныя рэчы.
— Праваслаўнае рэлігійнае Сястрыцтва існуе пры царкве святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы. Чыю падтрымку пастаянна адчуваеце?
— У цяперашні час заснавальнікам з’яўляецца благачынны Карэліцкай царкоўнай акругі, іерэй Ігар Пірог, які дае духоўныя настаўленні, за што вельмі ўдзячны святару. Не магу не ўспомніць і падзякаваць матушцы Людміле за яе добрае сэрца, якое натхняе на карысныя справы. У гэтыя дні яна адзначае свой дзень нараджэння, і мы жадаем ёй здароўя на многія-многія лета.
— Вы шмат гадоў з’яўляецеся старшай сястрой Сястрыцтва. Што аб’ядноўвае Вашу супольнасць?
— Самае галоўнае — вера. Гэта жаданне служыць Богу і людзям і рабіць добрыя справы для тых, хто мае патрэбу ў нашай дапамозе.
— У якіх святынях Сястрыцтва пабывала?
— За дваццаць пяць гадоў існавання Сястрыцтва сёстры былі ў Вааламе, многіх святынях Ленінграда і Масквы, ва Уладзіміры, Дывеева, Тураве, Полацку, Слуцку, горадзе Барань Мінскай вобласці, Жыровічах, Лаўрышаве і іншых святых месцах.
— Хто сёння ў радах Сястрыцтва?
— Рады Сястрыцтва пастаянна абнаўляюцца. У іх уступае веруючая моладзь. З 7 выраслі да 25 сясцёр.
— Мы вядзём гутарку напярэдадні вялікага праваслаўнага свята — Праабражэння Гасподняга, або ў народзе яшчэ называюць Яблычным Спасам. Што яно значыць для Вас?
— Гэтае свята мне вельмі блізкае для душы. Яго памятаю з дзяцінства, калі з матуляй і бабуляй хадзілі ў царкву і асвячалі яблыкі. Гэтую добрую традыцыю прадаўжаю захоўваць і сёння.

— Ці ўсе службы ў царкве святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы наведваеце?
— Служба ў царкве — гэта святое. Мы стараемся ніводнай не прапусціць без уважлівых прычын.
— Напрыканцы гутаркі хочацца задаць традыцыйнае пытанне: як знайсці дарогу да Бога? Як пазнаць няверуючаму чалавеку, калі Гасподзь пастукаецца ў яго дзверы?
— Я з маленства з Богам. Дарогу ў царкву мне паказалі матуля і бабуля. Так павялося ў многіх праваслаўных сем’ях, дзе старэйшыя стараліся меншым прывіць веру. А тым, хто шукае дарогу да Бога, скажу: ідзіце ў царкву на службу, чытайце праваслаўную літаратуру — і Гасподзь пакажа шлях да веры.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота прадастаўлена
Сястрыцтвам










