12 ліпеня, у Дзень святых апосталаў Пятра і Паўла, Петрапаўлаўскі храм г.п. Карэлічы адсвяткаваў сваё 160-годдзе.
Ужо пры ўваходзе храм радаваў дыванамі з жывых кветак, але найбольш — колькасцю прыхаджан, якія імкнуліся раздзяліць вялікую радасць. Нават сама прырода спрыяла святу: неба стрымлівала дождж, хмаркі давалі магчымасць сонечным праменьчыкам апусціцца на зямлю.



Свята пачынаецца. Гучаць званы. Пачынаецца Хрэсны ход. Удзельнікі ўрачыстасці накіроўваюцца вакол царквы. Затым чытаецца Евангелле, тройчы гучыць: «Госпадзі, памілуй!», малітва апосталам Пятру і Паўлу, спяваюць Велічанне.






Надыходзіць самы доўгачаканы момант. На ўрачыстасць завітаў Высокапраасвяшчэннейшы Гурый, архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі. Ганаровага госця добразычліва сустракаюць прыхаджане царквы Яўгенія Емяльянчык і Піліп Богуш.
Шчыра і ад усёй душы гучаць вершаваныя радкі:
Когда Вы входите в наш храм,
Теплом душа становится согрета.
И сердце наполняется тогда
Молитвой, добротой и светом.
И эту радость разделяя, хотим почтить достойно Вас.
Храни Вас Бог на много лета за то, что посетили нас.
В своих молитвах в нашем храме мы будем Господа молить,
Чтоб послал Он свою милость Вам много-много лет прожить.



З нагоды 160-годдзя яшчэ прыгажэй апранулася царква. Тут праводзіцца Боская літургія і малебен. Уладыка чытае пропаведзь у гонар святкавання Дня святых апосталаў Пятра і Паўла і 160-годдзя храма з дня заснавання.












Слова трымае старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Курыла. Кіраўнік раёна гаворыць: «Дзякуй Богу за тое, што на беларускай зямлі пануе мір, і ў нас жывуць міралюбівыя людзі і ўсё робяць для таго, каб Беларусь квітнела з кожным днём».

Гурый уручыў Архіерэйскую грамату за старанную працу на славу Святой Царквы старшыні Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксею Гаўрошу.

Член царкоўнага савета храма святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы Алена Біба адзначае, што ў храме адбываецца наша духоўнае нараджэнне і развіццё, дасягненне мэты ў жыцці. Тут мы прымаем прычасце, якое дае жыццё вечнае, і атрымліваем благаслаўленне і дапамогу Боскую на сямейнае жыццё, вылечваемся ад розных хвароб душы і цела, узносім малітвы Богу ў патрэбах і жыццёвых абставінах, атрымліваем благаслаўленне для поспеху ва ўсіх добрых пачынаннях.
У храме нябачна прысутнічае Гасподзь і прымае нашы малітвы. «Дзе двое ці трое сабраны ў імя Маё, там я пасярэдзіне іх». Тут асабліва адчуваецца Благадаць Боская. Памаліўшыся, чалавек становіцца ачышчаным, уцешаным і ўмацаваным. Гэта свайго роду духоўны стрыжань. Людзі заўсёды ішлі ў царкву, дзе вучацца мудрасці, прымаюць удзел у царкоўнай малітве. Саборная малітва веруючых — вялікая дзейсная сіла.
— Я сама з Брэстчыны, — гаворыць прыхаджанка царквы святых апосталаў Пятра і Паўла Ніна Жук. — Бабуля прывяла ў храм, хадзілі за тры кіламетры ад нашай вёскі. Карэліцкую царкву наведваю ўжа каля пятнаццаці гадоў. Яна для мяне — Боская благадаць. Тут адчуваю сябе спакойна, і душа адпачывае. Люблю бываць на Літургіі, і асабліва на пропаведзях бацюшкі Ігара Пірага, які з’яўляецца благачынным Карэліцкай царкоўнай акругі. Затым хочацца ісці і рабіць добрыя справы, у храме сустрэла аднадумцаў. Прыклад духоўнага жыцця — іерэй Ігар Пірог і матушка Людміла. У дзень урачыстасці жадаю ўсім прыхаджанам моцнага здароўя, мірнага неба, дабрабыту ў сем’ях.
Прыхаджанка царквы Феафанія Каралько, як пайшла на пенсію, пачала хадзіць у царкву. Калі яна стаіць на Літургіі, думае аб добрым. Пасля службы прыходзіць прымірэнне ў душы. Да юбілею рыхтавалася як да вялікага свята: пасціла, прычашчалася, наводзіла з вернікамі парадак у царкве. Хацелася, каб сюды прыйшло шмат людзей і разам парадаваліся вялікаму дню. » Увогуле хочацца, каб нас акружалі добразычлівыя людзі, каб ніхто і ніколі не парушыў спакой на зямлі, а землякі прыходзілі да святыні, каб падзякваць Бога за жыццё і за тое, што маем сёння», — адзначыла суразмоўца.
Карэліччанка Наталля Кісель пачала пастаянна хадзіць у царкву з 2012 года. Яе рашэнне было асабістым, матуля каталіцкай веры, тата — праваслаўнай. «Мы павінны чамусьці верыць і ў чымьсці шукаць падтрымку. Мне асабіста наведванне царквы дапамагае ў жыцці, прыходзіць адчуванне спакою на душы, упэўненасці ў заўтрашнім дні, па-іншаму ўспрымаю падзеі, якія адбываюцца навакол. Я па прафесіі медсястра, стараюся прыслухоўвацца да людскіх пажаданняў, становішся дабрэйшай і стрэсаўстойлівай», — сцвярджае Наталля Валер’еўна і дадае, што наша царква — гэта супольнасць, дзе збіраюцца аднадумцы, аб’яднаныя верай у Бога, а свята нясе пачуццё радасці, якая перапаўняе душу і хочацца, каб яна ніколі не пакідала ў жыцці.
— У царкву прывяла свякроў Зінаіда Уладзіміраўна, — гаворыць верніца Марына Міхей. — Ёй удзячна за гэта, на службу іду з жаданнем. Наведваю святыню кожную нядзелю. Калі выходжу пасля службы, Боскай благадаці хапае на цэлы тыдзень, і адчуваю сябе спакойна. Цяпер з’яўляюся членам Сястрыцтва ў гонар Святой Страстацерпіцы Аляксандры, якое дзейнічае пры храме святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы. Заўжды адчуваю падтрымку кіраўніка Святланы Дунец, а матушка Людміла з’яўляецца для мяне прыкладам духоўнага жыцця.
Прыхаджанка выказала пажаданне тым, хто шукае дарогу да Бога: паспрабаваць прыйсці ў царкву, пастаяць на службе, паслухаць Літургію — і, магчыма, прыйдзе вера і ўзрасце жаданне наведваць храм. «Я радуюся святу нашай царквы, на душы — добра, цёпла, спакойна, і прысутнічае адчуванне Боскай благадаці», — сказала яна.
Каля царквы святых апосталаў Пятра і Паўла райцэнтра сустрэліся з маладой прыхаджанкай, маці 11-гадовага Максіма і 7-гадовай Дар’і Вікторыяй Чычкан. Субяседніца адзначае:
— Мы прыйшлі на свята ўсёй сям’ёй, сёння тут і матуля Алена Вячаславаўна. Адчуваецца асаблівая ўрачыстасць, якая ўносіць у душу духоўны спакой. Хочацца, каб такі стан прадаўжаўся як мага надалей. Лічу, што вельмі важна, каб у храм з бацькамі прыходзілі дзеці і прывучаліся да пазнання духоўнасці. Дачка Дар’я ў першым класе наведвала гурток «Духоўнасць» у сярэдняй школе № 2 г.п. Карэлічы і будзе далей прадаўжаць хадзіць на заняткі. Хочацца пажадаць карэліччанам моцнага здароўя, душэўнага спакою, вялікай радасці, сямейнага шчасця.
На ўрачыстасць з нагоды юбілею храма жыхар аграгарадка Лукі Юрый Ваўчок прыехаў з жонкай Таццянай, якая стала ініцыятарам наведвання свята. Жанчына ходзіць у мясцовую царкву. «Мне хочацца падтрымаць жонку, — гаворыць Юрый Ваўчок. — Вось і сёння на юбілеі ў царкве райцэнтра шмат прыхаджан, а калі чалавек верыць — гэта ўжо добра, бо вера дапамагае ў жыцці, нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, і чалавек знаходзіць сілы жыць. Мы наведваем і іншыя святыні: да прыкладу, Жыровіцкі і Лаўрышаўскі манастыры, царкву ў Міры. Сын Юрый па магчымасці таксама наведвае храм.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ










