Максім ЛАГУТА, часова выконваючы абавязкі старшыні Красненскага сельскага выканаўчага камітэта:
— Добраўпарадкаванне знаходзіцца на пастаянным кантролі органаў мясцовай улады. Гэта навядзенне парадку на зямлі, работа з пустуючымі дамамі, ліквідацыя аварыйных дрэў, пакос травы. Пастаянна праводзіцца барацьба з інвазіўнымі відамі раслін.
У сельвыканкаме распрацаваны план па добраўпарадкаванні. У гэтым накірунку арганізуецца сумесная работа з насельніцтвам, мясцовымі школай і гаспадаркай, Красненскім Домам культуры. Добрай традыцыяй сталі сумесныя суботнікі па навядзенні парадку на землях агульнага карыстання ў 24 населеных пунктах.
Сумесна з насельніцтвам праводзяцца работы па навядзенні парадку на могілках — іх на тэрыторыі сельсавета дзевяць. Работы выконваюцца сумесна з благачынным Карэліцкай акругі, іерэем Ігарам Пірагом і іерэем Дзмітрыем Пачобутам са Шчорсаўскай царквы.
За 2026 год праведзена нямала работы па добраўпарадкаванні: два аўкцыёны па продажы пустуючых дамоў, два дамы знесены, спілавана 230 аварыйных дрэў. Штодзённа косіцца трава на землях агульнага карыстання. Вясной знішчаны хімічным і механічным спосабам месцы росту баршчавіка Сасноўскага. Штотыднёва арганізуюцца суботнікі на могілках і ў населеных пунктах.
Сёлета добраўпарадкавана крыніца ў вёсцы Загор’е. Устаноўлены гасцявы домік, абсталявана купель у гонар іконы Божай Маці «Усецарыца». На Вадохрышча святар Ігар Пірог асвяціў гэтае месца.







