На базе Мірскага лясніцтва дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Навагрудскі лясгас” праведзены спаборніцтвы па прафесійнаму майстэрству вальшчыкаў лесу.
Мэта: навучанне бяспечным метадам працы, павышэнне яе прадукцыйнасці, укараненне навейшых тэхналогій, папулярызацыя і павышэнне прэстыжу прафесіі.
Як паведаміў падчас сустрэчы намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ “Навагрудскі лясгас” Аляксандр Аляксандравіч Дасько, спаборніцтвы праводзяцца шмат гадоў запар і даюць магчымасць яго ўдзельнікам набыць навыкі работы, падзяліцца вопытам, адпрацоўваюцца бяспечныя прыёмы працы і г. д.
Удзельнікі спаборніцтваў — 13 каманд Навагрудскага лясгаса (12 лясніцтваў і 1 лесапункт). Акрамя таго — каманды Дзятлаўскага, Слонімскага і Астравецкага раёнаў. Спаборніцтвы ўключалі наступныя віды: валка дрэва, мантаж новага ланцуга, раскражоўка камбінаваным рэзам, дакладнае пілаванне, абрэзка сучкоў.
— Вальшчык лесу — прафесійны лесанарыхтоўшчык, — адзначыў Аляксандр Аляксандравіч. — У рэспубліканскім вучэбным цэнтры ён праходзіць падрыхтоўку і перападрыхтоўку, да работы дапускаецца спецыяльна падрыхтаваны спецыяліст. Праца складаная, але праблем з кадрамі не існуе. Як гаворыцца, калі прыйшоў на працу ў лясную гаспадарку, то гэта надоўга.
Падведзены вынікі спаборніцтваў. Перамога — за землякамі: першае месца аддадзена Свіцязянскаму лясніцтву. На другім і трэцім — адпаведна лесапункт і Шчорсаўскае лясніцтва. Сярод удзельнікаў спаборніцтваў у лідары выйшлі Д. В. Чыркун са Свіцязянскага лясніцтва (першае месца), А. А. Шынтар з Ляўцоўскага (другое) і Н. А. Шкалко з Ізвенскага (трэцяе месца). Былі адзначаны і іншыя ўдзельнікі спаборніцтваў.


Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Іны МІХАЙЛАВАЙ.






















