В Кореличском районе вандалы регулярно демонтируют таблички о запрете купания

Аграрыі Карэліцкага раёна павінны падрыхтаваць камбайны да ўборкі збожжавых да 1 ліпеня. Такую задачу паставіў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў на працоўнай нарадзе са сваімі намеснікамі.

— У канцы чэрвеня прыступім да ўборкі азімага ячменю, — адзначыў ён. — Таму камбайны павінны быць гатовыя.

У раёне пад азімым ячменем занята 720 гектараў у такіх гаспадарках, як ДП «Царука», КУСП «Чарняхоўскі-Агра», КСУП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская», СВК «Жухавічы». Спецыялісты ацэньваюць якасць культуры на корані як высокую і чакаюць добрай аддачы. У машынна-трактарным парку раёна ёсць 82 збожжаўборачныя камбайны, якія цяпер актыўна рыхтуюцца да выхаду ў поле.

Працягваецца першы ўкос траў. Ужо скошана 37% ад неабходных 15333 га.

Па-ранейшаму на першым месцы для раённай улады знаходзіцца пытанне бяспекі і жыццезабеспячэння насельніцтва. Аб гэтым пастаянна гавораць на сельскіх сходах у населеных пунктах раёна. З надыходам цёплых дзён людзей прыцягваюць вадаёмы. На тэрыторыі Карэліцкага раёна купанне дазволена на азёрах Юбілейнае і Свіцязь. Усе астатнія вадаёмы знаходзяцца пад забаронай. Пра гэта абвяшчаюць і папераджальныя таблічкі «Купанне забаронена!» Аднак знаходзяцца тыя, хто іх збівае і закідвае куды далей: маўляў, купаліся і купацца будзем. Аднак нельга забываць, што на працягу ўсяго купальнага сезона ў раёне праваахоўнікі праводзяць рэйды па месцах, забароненых для купання. Грамадзяне, якія вырашылі ратавацца ад спякоты ў непрыдатных вадаёмах, парушаюць артыкул 24.42 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях «Купанне ў забароненых месцах», які цягне накладанне штрафу.

У раёне пачалася дзіцячая аздараўленчая кампанія. Свае дзверы адчынілі 7 школьных лагераў і адзін лагер працы і адпачынку ў Жухавічах. 11 чэрвеня ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Вясёлка» стартуе першая змена, якая будзе насіць спартыўную накіраванасць.

 Іна ЛЕЙКА