Животновод МТФ «Оюцевичи-2» Геннадий Долгий: «Моя миссия — кормить страну — мне нравится»

Генадзь Доўгі, які працуе на ферме “Аюцавічы-2” у КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, на добрым рахунку ў калег. Жывёлавод, які вось ужо 15 гадоў на прадпрыемстве, кажа, што працаваць у сельскай гаспадарцы трэба з пачуццём вялікай адказнасці. За гэты час мужчына паспеў зарабіць сабе бездакорную рэпутацыю, і кіраўніцтва адгукаецца пра яго як пра добрасумленнага, стараннага працаўніка.

— Я нарадзіўся ў Барысаве, — расказвае пра сябе Генадзь Кліменцьевіч. — Бацькі таксама былі гарадскімі. У 1982 годзе пайшоў у армію, служыў на мяжы з Афганістанам. У 1985 годзе пачаў працаваць на Барысаўскім заводзе аўтатрактарнага электраабсталявання. 25 год адпрацаваў у цэху станкабудаўніцтва электрамантажнікам. Жыццё склалася так, што ў 2007 годзе пераехалі з жонкай сюды. У Мядзвядцы жылі яе сваякі. З гэтага года я працую на птушкафабрыцы “Чырвонаармейская”, прадпрыемства выдзеліла нам дом. Адразу шчыраваў у Мядзвядцы, затым дырэкцыя перавяла сюды. Спачатку з жонкай разам працавалі, затым яна пайшла на пенсію, паўтара года без яе на ферме.

— Што ўваходзіць у Вашы абавязкі?

— Вырошчванне маладняку ад трох да васьмі месяцаў, — з усмешкай адказвае Генадзь і ўдакладняе: — Карміць, даглядаць, сачыць, каб яны былі накормлены, каб прывагі добрыя давалі. Карацей, кармлю краіну. Мая місія мне падабаецца. Калі працавала жонка, глядзеў, як яна гэта робіць, набіраўся вопыту. Амаль кожнае цялятка падводжу да паілкі, пакуль малыя не разбяруцца, не прывыкнуць. Стараюся не падводзіць. З дырэкцыяй знаходжу агульную мову, з загадчыкам таксама. Калі ўзнікаюць пытанні — вырашаем хутка, аператыўна.

— Як Вы, гарадскі чалавек, прыстасаваліся да вясковага жыцця?

— Я савецкі чалавек, зроблены ў СССР! Вядома, спачатку пужала вясковае жыццё. Потым прывык, адаптаваўся.

— Хто дапамог прыстасавацца?

— Мы ўвесь час з жонкай. Яна мне дапамагала, я — ёй. Цягнулі адзін аднаго. Нам работу давалі, каб мы разам, побач былі, каб маглі адзін аднаму дапамагаць.

— Як чалавек з багатым вопытам, пажыўшы і ў горадзе, і ў вёсцы, скажыце, дзе лепш?

— На дадзены момант аддаю перавагу вёсцы. Горад ужо пужае сваёй хуткасцю, сваім тэмпам. Жыццё там хутчэй бяжыць. У вёсцы больш-менш мернае жыццё, спакойнае. Моладзь часта едзе ў горад, шукае лепшага жыцця. Магчымасцей там дакладна больш. Але, як мне падаецца, гадоў пасля сарака-сарака пяці, усё роўна цягне ў вёску. Як казаў Прэзідэнт, цягне на зямлю.

Жыццё — вельмі непрадказальнае. Я чвэрць веку адпрацаваў на заводзе, з правадамі правазіўся і ніколі не думаў, што ў вёсцы апынуся. Але з часам разумеў, што тут прасцей працаваць. Я ведаю свой аб’ект, свае абавязкі. Ведаю, што рабіць, мяне не трэба падганяць альбо нагадваць штосьці зрабіць. І з жывёлай мне падабаецца працаваць. Ёсць ручныя цяляты. Бывае, заморышся, падыдзеш да іх, а ў іх энергетыка такая станоўчая, яны здымаюць стрэс адразу. Пасядзіш ля цяляці хвілін з пяць, пагладзіш, яно цябе пагладзіць — і ўсё. Аднаўляешся вельмі хутка менавіта ад жывёлы. Зноў жа, праца трымае цябе ў форме.

— Чым займаецеся, акрамя працы?

— Вось, — ківае Генадзь Кліменцьевіч на матацыкл, — на гэтай машыне катаюся. Я вельмі спакойны чалавек, дома стараюся знайсці занятак. Як такога хобі няма, але калі жывеш у вёсцы, то дома пастаянна знаходзіцца работа. Стараюся заняць сябе. Матацыкл перабіраю, у машыне нешта раблю, па гаспадарцы занятак знаходжу. Нас так вучылі, не сядзець склаўшы рукі, таму варушымся, пакуль ёсць сілы.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара