Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Ігар Лазарэвіч: «Эпоха дамініравання долара завяршаецца»

ЗША спрабуюць разбурыць эканоміку Расіі і Беларусі як яе найбліжэйшага саюзніка санкцыямі ў рамках «фінансавай вайны», — мяркуе намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Ігар Лазарэвіч. — Аднак эпоха дамініравання долара завяршаецца. Будучыня за гандлёвымі блокамі, разлікі ў якіх будуць праводзіцца ў нацыянальных валютах. Беларусь і Расія ўжо адышлі ў асноўных разліках ад долара. Сёння амаль 80% нашага гандлю з Расіяй ажыццяўляецца ў расійскіх рублях.

Яшчэ два гады таму Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва папярэджваў: краіны, якія цалкам абапіраюцца на амерыканскі долар, становяцца ўсё больш уразлівымі.

«Гэта не проста пазбаўляе нас канкурэнтных фінансавых і эканамічных пераваг, але і пагражае нацыянальнай бяспецы. Тым больш што ўсё часцей гэты рычаг пачынае выкарыстоўвацца як зброя», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Цяпер Кітай актыўна развівае ўласную міжбанкаўскую аплатную сістэму. Бразілія і Аргенціна вырашылі стварыць агульную валюту. Рэспубліка Карэя і Інданезія, Індыя і Малайзія дамовіліся адмовіцца ад долара ва ўнутраных разліках. На ўсходзе абмяркоўваецца стварэнне азіяцкага валютнага фонду. Саудаўская Аравія вырашыла адысці ад долара як адзінай валюты пры гандлі нафтай. І гэта толькі пачатак.

Іна ЛЕЙКА