
Сёння любы чалавек не толькі мае права весці дыялог з уладай, але і павінен быць ёю пачуты. Менавіта дзеля ліквідацыі бюракратызму і для вырашэння надзённых праблем жыхароў краіны існуе адмысловая аператыўная форма сувязі насельніцтва і прадстаўнікоў улады: штотыдзень кожную суботу з 9.00 да 12.00 любы грамадзянін мае права звярнуцца па хвалюючым яго пытанні на прамую тэлефонную лінію да кіраўніцтва свайго рэгіёна.
Жыхарка вёскі Пятрыкі Красненскага сельсавета звярнулася ў райвыканкам з просьбай прыбраць сухія галіны дрэў, якія засталіся пасля абрэзкі лініі электраперадач. Карэліцкім раёнам электрычных сетак аператыўна вырашана гэтае пытанне.
Жыхарка агр. Вялікія Жухавічы была незадаволена перабоямі з вадой. Пасля абследавання вадаправоднай сеткі ў аграгарадку жанчыне паведамілі: праблема звязана з палівам агародаў, а прадукцыйнасць артэзіянскай свідравіны недастатковая для забеспячэння патрэбнага ціску ў размеркавальнай вадаправоднай сетцы агр. Вялікія Жухавічы. У цяперашні час водазабеспячэнне адноўлена.
З агр. Аюцавічы патэлефанавалі з аналагічнай праблемай: у аграгарадку адсутнічае вада. Карэліцкае РУП ЖКГ аператыўна ліквідавала парыў на цэнтральным вадаправодзе ў аграгарадку і водазабеспячэнне было адноўлена.
Жыхар в. Маласельцы Турэцкага сельвыканкама быў незадаволены, што цвёрдыя камунальныя адходы вывозяцца несвоечасова. Заўвагу вяскоўца ўлічылі: цяпер РУП ЖКГ прытрымліваецца графіка вывазу ЦКА.
Жыхарка вул. Школьнай у г.п. Карэлічы прасіла адкрыць на гэтай вуліцы прадуктовы магазін. У райвыканкаме паведамілі, што раней на вул. Школьнай працаваў такі магазін, але быў зачынены з-за стратнасці. У цяперашні час адкрыць гандлёвую кропку жадаючых няма.
Іна ЛЕЙКА






