Сказана
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:
— Мы прынялі рашэнне з-пад плота дастаць, аднавіць і даць новае жыццё гэтай тэхніцы (гаворка ідзе пра тэхніку, якая праслужыла ў гаспадарках 5-7 гадоў і якую «кінулі пад плот»). Ставімся расхлябана, не беражом яе. А гэта грошы! Камбайн «Гомсельмаша» павінен працаваць мінімум 15 гадоў. Тое ж тычыцца і трактарнай тэхнікі. Аднойчы гутарыў з амерыканскім фермерам, які больш за 30 гадоў эксплуатаваў беларускі трактар, і той быў спраўны і цалкам у працоўным стане.
Падчас рабочай паездкі ў Веткаўскі раён Гомельскай вобласці, 28 красавіка 2023 года.
Асноўныя палявыя сельгасработы ўжо скончыліся, а значыць самы час пільную ўвагу надаць пастаноўцы сельскагаспадарчай тэхнікі на працяглае захоўванне. У раёне распрацаваны комплекс мерапрыемстваў па правядзенні гэтых работ, якім прадугледжаны графікі пастаноўкі ўсіх відаў тэхнікі – у адпаведнасці з ім і ажыццяўляецца адказны працэс. Як з гэтай задачай справіліся сельгаспрадпрыемствы раёна, удзельнікі семінара-нарады даведаліся, калі наведалі гаспадаркі раёна.


Удзел у мерапрыемстве прынялі спецыялісты Камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Гродзенскага аблвыканкама, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, кіраўнікі і інжынерныя службы сельгаспрадпрыемстваў раёна.
Сёння вельмі важна не ўпусціць ні адну адзінку тэхнікі, неабходна выконваць усе патрабаванні як да працяглага, так і часовага яе захоўвання. А штогадовы агляд-конкурс па пастаноўцы тэхнікі паказвае, наколькі сур’ёзна ўсе адказныя спецыялісты падышлі да пастаўленай задачы.




Для дэталёвага вывучэння ўсіх пытанняў былі створаны дзве рабочыя групы, якія ахапілі ўсе гаспадаркі раёна. У ходзе агляду мехдвароў спецыялісты звярталі ўвагу на правільнасць пастаноўкі тэхнікі на зімовае захоўванне, гатоўнасць рамонтна-тэхнічнай базы і ход рамонтных работ, арганізаванасць аховы працы на вытворчасці, парадак на тэрыторыі машынна-трактарных паркаў, а таксама на стварэнне бяспечных умоў працы і адпачынку для работнікаў.
Добрую ацэнку па выніках агляду атрымалі СВК “Жухавічы”, СВК “Маяк-Заполле” і СВК “Свіцязянка-2003”. У гаспадарках выконваецца немалы аб’ём работ: тэрыторыя добраўпарадкоўваецца, сельскагаспадарчыя машыны пастаўлены на захоўванне. Для рамонтных звёнаў створаны добрыя бытавыя ўмовы: пакоі для прыёму ежы, душавыя. Функцыянуюць і кабінеты аховы працы. Абсталяваны пляцоўкі для складзіравання металалому і ўтылізаваных шын. Механізатары на сённяшні дзень займаюцца рамонтам.








Але, нягледзячы на значную колькасць плюсаў, камісія зафіксавала і мінусы. Заўвагі па якасці праведзенай падрыхтоўкі да зімовага перыяду ўзніклі пры наведванні машынных двароў КСУП “Царука”, КСУП “Малюшычы”, КСУП “Племзавод Карэлічы”, КСУП “Лукі-Агра”, КУСП “Чарняхоўскі-Агра”, КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”. Самыя распаўсюджаныя парушэнні: працоўныя органы глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі не пакрыты ахоўным саставам або пакрыты не згодна з патрабаваннямі, не зняты ўтулачна-ролікавыя ланцугі і рамяні. Усе недахопы павінны быць ліквідаваны ў самыя кароткія тэрміны.
На пасяджэнні па выніках мерапрыемства загадчык сектара па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання Камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Гродзенскага аблвыканкама Міхаіл Карняйчук адзначыў, што гаспадаркамі раёна была праведзена немалая работа ў гэтым напрамку, але ёсць і недапрацоўкі. У адпаведнасці з выяўленымі недахопамі перад кіраўнікамі і галоўнымі інжынерамі пастаўлена першачарговая задача: уся тэхніка павінна быць прыведзена ў належны парадак.

— Машына, якая праходзіць капітальны рамонт, па вялікім рахунку не саступае па тэхнічных параметрах новай. А калі перадаць яе ў добрыя рукі, то яна будзе служыць не адзін год. Як правіла, за такую тэхніку трэба плаціць у 3-4 разы менш, чым атрымаць з канвеера новую. Наступны год Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам аб’яўлены Годам якасці, і ўжо сёння мы павінны працаваць якасна. Да першага сакавіка 2024 года тэхніка, якая будзе задзейнічана ў ходзе вясенне-палявых работ, павінна быць адрамантавана, — падсумаваў Міхаіл Іванавіч.
Вядучы інспектар па механізацыі сельскай гаспадаркі Гродзенскага абласнога аграпрамысловага саюза Міхаіл Юдзічаў, дэталёва прааналізаваўшы наведаныя гаспадаркі раёна, адзначыў, што тэхніка павінна своечасова рамантавацца, а рамонтныя зоны майстэрняў ацяпляцца, гэта дазволіць слесарам і механізатарам працаваць з поўнай аддачай.

Старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў падкрэсліў:

– Ад правільнай пастаноўкі тэхнікі на захоўванне залежыць дыягностыка яе тэхнічнага стану і своечасовасць вызначэння няспраўнасцяў. Усё гэта дазваляе правесці неабходны рамонт, каб вясной механізатары змаглі своечасова выехаць у поле. І тут працаваць спусціўшы рукавы не атрымаецца. Спытаем з усіх строга. Не ўсе гаспадаркі да гэтага падышлі грунтоўна. У каго ёсць недахопы, у самыя кароткія тэрміны павінны быць ліквідаваны, а станоўчыя прыклады лепшых гаспадарак раёна, безумоўна, варта браць на заметку і іншым кіраўнікам і інжынерным службам.
Як расказаў галоўны дзяржаўны інспектар упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Дзмітрый Шугля, большасць сельгаспрадпрыемстваў ужо прыступілі да рамонту тэхнікі. У першую чаргу рамантуюцца энерганасычаныя трактары, тэхніка для перадпасяўной апрацоўкі глебы і для пасеву яравых культур.
Усяго ў пасяўной кампаніі прымуць удзел парадку 150 трактароў, у іх ліку 67 энерганасычаных. У сельгаспрадпрыемствах ёсць 32 дыскавыя бараны і дыскатары, 35 камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў, 23 збожжавыя сеялкі і 44 машыны для ўнясення цвёрдых мінеральных угнаенняў, а таксама іншая сельскагаспадарчая тэхніка.
Летась тэхнапарк раёна папоўніўся 25 адзінкамі сучаснай тэхнікі. Іх атрымалі восем прадпрыемстваў раёна.
Падрыхтоўка тэхнікі да вясенне-палявых работ у раёне набірае абароты. Ужо да 1 сакавіка работы неабходна завяршыць.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара






