На штотыднёвай аператыўнай нарадзе ў старшыні Карэліцкага райвыканкама Андрэя Гардзея разгледжаны пытанні аб спагнанні даўгоў з грамадзян за жыллёва-камунальныя паслугі. Дырэктар Карэліцкага РУП ЖКГ Мікалай Лукашкоў у сваім дакладзе адзначыў, што ў 2024 годзе выканана 108 выканаўчых надпісаў за нявыплату жыллёва-камунальных паслуг. З даўжнікамі вядзецца неабходная работа, аднак некаторыя жыхары раёна не аплачваюць паслугі ЖКГ па некалькі месяцаў.
У людзей могуць быць розныя прычыны, па якіх яны не могуць аплаціць жыллёва-камунальныя паслугі, — адзначыў Андрэй Гардзей. — Але нельга зацягваць працу з даўжнікамі. Няхай яны аплачваюць паслугі паступова. У раёне праведзена значная работа па спагнанні доўгоў за паслугі ЖКГ, працягвайце працаваць з астатнімі.
Таксама Мікалай Лукашкоў расказаў аб замене сетак водазабеспячэння і каналізацыі ў бягучым годзе. Заменена 0,15 км сетак водазабеспячэння: 0,06 км у г.п. Мір, 0,041 км у райцэнтры, 0,029 км у агр. Палужжа і 0,02 км у агр. Краснае.
Яшчэ адным пытаннем, якое было разгледжана на пасяджэнні, стаў збор другаснай сыравіны. За 9 месяцаў 2024 года ў Карэліцкім раёне сабрана 76 тон другаснай сыравіны: 16600 кг пластыкавых адходаў, 15224 кг паперы, 41543 кг шкла і 3120 кг складанай бытавой тэхнікі. За верасень сабрана 1892 кг пластыку, 1920 кг шкла і 980 кг макулатуры.
Адным з найважнейшых пытанняў на бягучы момант з’яўляецца вакцынацыя насельніцтва ад вострых рэспіраторных інфекцый і грыпу. Галоўны ўрач УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” Данута Скварада расказала, што ў раёне плануецца прышчапіць 3563 дарослых чалавека і 1060 дзяцей, для чаго выдзелена 4621 дозы прышчэпак. На сённяшні дзень прышчэплены 299 чалавек.
— Вакцынацыя — самы танны сродак прафілактыкі хвароб і грыпу, — адзначыў старшыня райвыканкама. — Важна давесці да людзей інфармацыю аб важнасці і даступнасці прышчэпкі.
Сяргей СТОЛЯР







