Её профессия — банковский работник. Дарья Станкевич после окончания Новогрудского торгово-экономического колледжа вернулась на малую родину

Стабільнасць і дабрабыт, ніякіх стрэсаў і фізічных нагрузак, хуткі кар’ерны рост і мноства магчымасцяў для самарэалізацыі – так звычайна ўяўляецца большасці з нас праца банкаўскіх работнікаў.

Дар’я Станкевіч з агр. Турэц пасля заканчэння Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа прыйшла працаваць спецыялістам па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг у “ААБ Беларусбанк” г.п. Карэлічы ў жніўні 2024 года.
– Дар’я, праца ў банку – гэта Ваша дзіцячая мара, спантаннае рашэнне ці воля выпадку?
– У дзявятым класе пачала задумвацца, у якую б сферу мне пайсці, каб была прэстыжная і запатрабаваная на рынку працы прафесія. Параілася з бацькамі, усё прааналізавала, зразумела, што менавіта прафесія банкаўскага работніка для мяне. Я ж люблю праводзіць час за стосам папер і з калькулятарам. Вось і стала асвойваць банкаўскую справу ў каледжы г. Гродна, а праз год перавялася ў г. Навагрудак. У 2024 годзе скончыла Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж.
Летам дзяўчына пачала сваё прафесійнае станаўленне ў “ААБ Беларусбанк” г.п. Карэлічы. Было ўсё ёй знаёма, бо праходзіла тут практыку, таму ўжо ў першы дзень ішла з радасцю на работу.
— Я люблю вучыцца, — адзначае Дар’я. — Ёсць імкненне развівацца ў прафесіі.
Дзяўчына стараецца працаваць якасна, каб у далейшым давер з боку кіраўніцтва і кліентаў толькі рос. На пытанне, дзякуючы якім якасцям характару ў банкаўскай справе можна дасягнуць поспехаў, дзяўчына, не задумваючыся, адказала, што перш за ўсё гэта працавітасць, актыўная жыццёвая пазіцыя і гатоўнасць браць на сябе адказнасць.
– Зразумела, што вопыт у любой прафесіі напрацоўваецца гадамі, але калі чалавек жадае развівацца, то гэта яму заўсёды дапаможа, – упэўнена заявіла Дар’я. А яшчэ дзяўчына адзначае, што ветлівасць, адсутнасць мітуслівасці і граматнасць – немалаважныя складальнікі паспяховасці. Калі ў банк прыходзіць кліент, спецыяліст не можа яго адпусціць без выразнага тлумачэння той праблемы, з якой ён звярнуўся.
Акрамя гэтага, яна адзначыла, што любая пасада ў банку непазбежна суправаджаецца сур’ёзнай матэрыяльнай адказнасцю. Гэта часам становіцца ключавым нюансам у прафесіі. Спецыялісту неабходна вучыцца спраўляцца са стрэсавымі нагрузкамі, быць заўсёды ўважлівым, ведаць усе тонкасці аперацыі, якую ён праводзіць, каб не дапусціць фінансавых пралікаў.
— Каб рухацца па кар’ернай лесвіцы, трэба добрасумленна выконваць свае абавязкі, хварэць за агульную справу, працаваць так, каб вочы гарэлі, — і тады ўсё атрымаецца, — з аптымізмам у голасе заключае Дар’я.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара