У аграгарадку Варонча, каля магілы воіна-афганца Сяргея Філончыка, прайшоў мітынг, прысвечаны памяці загінулых воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама, старшыня раённага аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Ірына Асташэвіч, маці загінулага воіна-афганца Сафія Васільеўна Філончык, старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Кучко, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Свіцязянка-2003” Алена Клаўсуць, работнікі Райцаўскага сельвыканкама, вучні Райцаўскай сярэдняй школы імя У.А. Галавача.

Сяргей Філончык нарадзіўся ў в. Плужыны, вучыўся ў Варанчанскай сярэдняй школе, скончыў Лідскую школу ДАСААФ, да арміі працаваў механізатарам у саўгасе «Варонча». У красавіку 1984 года прызваны на службу, накіраваны ў Афганістан, быў вадзіцелем. Радавы Сяргей Філончык загінуў пры выкананні баявога задання ад разрыву снарада. Пахаваны ў агр. Варонча. У гонар загінулага воіна-інтэрнацыяналіста названа вуліца, на якой зараз пражывае маці загінулага.


Нездарма кажуць, што матчына сэрца не ведае спакою. Нават калі дзіцяці больш няма ў жывых, маці працягвае любіць і памятаць яго. Больш трыццаці пяці гадоў прайшло з таго часу, як апошні савецкі салдат пакінуў афганскія землі. Пажоўклі ад часу страшныя лісткі пахаванак, атрыманых няўцешнымі маці. Але ўсё гэтак жа працягвае пакутаваць матчына сэрца ад горкай страты.
Выступіла Ірына Валер’еўна, якая адзначыла важнасць падзеі 15 лютага для кожнага з прысутных:

— Сучаснікам варта ведаць і памятаць пра тое, што ў нашай гісторыі была не толькі Вялікая Айчынная вайна, але і вайна ў Афганістане, праз якую давялося прайсці вось такім маладым юнакам. Некаторым з іх не пашчасціла вярнуцца дадому жывымі.

Звярнуўшыся да Сафіі Васільеўны, яна выказала словы ўдзячнасці за мацярынскі клопат, цярпенне, за выхаванне сапраўднага сына сваёй Айчыны, годнага памяці бацькоў і дзядоў, якія змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Шчыра пажадала дабра, міру і згоды, моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

Прысутныя ўшанавалі памяць загінулага хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да помніка воіну-інтэрнацыяналісту.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара






















