27 лютага ў Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры прадэманстравана прэм’ера анімацыйнага фільма Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» пад назвай «Государственные символы Республики Беларусь. Календарь праздников».
Кінастужка сабрала ў глядзельнай зале вучняў пятых, шостых, сёмых класаў сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы. У фільме ў даступнай форме апавядалася аб важных дзяржаўных святах Беларусі і тлумачылася значэнне дзяржаўнай сімволікі. Інфармацыя падавалася цікава і захапляльна: шматдзетная сям’я, у якой бацькі і дзядуля расказваюць малодшым пра значэнне і важнасць свят. Гэта Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Дзень адзінства народаў Беларусі і Расіі, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дзень народнага адзінства. З вуснаў старэйшых гучаць тлумачэнні і пра важнасць дзяржаўных сімвалаў — сцяга, герба, гімна.
Паказаная кінастужка — мультфільм, створаны ў 2025 годзе, яго працягласць — 17 хвілін. Гэта аповед пра беларускае, да чаго дзеці далучаюцца з дзяцінства, і дапамагаюць ім у гэтым дарослыя.
Людміла КРЫВІЦКАЯ,
класны кіраўнік 6 «Б» класа
сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы:
— Гэты фільм вельмі актуальны ў цяперашні час для падрастаючага пакалення. Наш клас прававой накіраванасці: вывучаем сімвалы і законы нашай рэспублікі. Прагляд кінастужкі дапамагае ў іх вывучэнні.
Сафія УРБАНОВІЧ,
вучаніца 6 «Б» класа
сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы:
— Мне вельмі спадабалася кінастужка. Яна дапамагла зазірнуць у гісторыю краіны і аднавіць у памяці Каляндар дзяржаўных свят. Гэта наша, сваё, роднае.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ






















