Вынікі агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю па ахове працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму за 2024 год падвялі ў Карэліцкім раёне.
Агляд-конкурс на лепшую арганізацыю работы па ахове працы сярод арганізацый і ўстаноў раёна праводзіцца штогод з мэтай прыцягнення ўвагі да пытанняў аховы працы, павышэння зацікаўленасці працадаўцаў у паляпшэнні ўмоў працы і вызначэння арганізацый, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў стану аховы працы.
Па словах галоўнага спецыяліста ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Сяргея Ламана, гэта традыцыя стымулюе працадаўцаў забяспечваць здаровыя і бяспечныя ўмовы працы сваім работнікам і паляпшаць іх.
Падаць заяўку на ўдзел у конкурсе маглі арганізацыі ўсіх формаў уласнасці, размешчаныя на тэрыторыі Карэліцкага раёна. Сёлета ў ім прынялі ўдзел 32 арганізацыі. Пераможцамі першага этапу раённага агляду-конкурсу ў сваіх намінацыях прызнаны дзве арганізацыі, якія дасягнулі вышэйшых паказчыкаў стану ўмоў і аховы працы. Сярод арганізацый невытворчай сферы першае месца з прысваеннем звання “Лепшая арганізацыя Карэліцкага раёна па ахове працы” заваявала Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца. У намінацыі “Арганізацыя вытворчай сферы” лепшым стаў СВК “Свіцязянка-2003”.

Старшыня СВК “Свіцязянка-2003” Аляксандр Мяцеліца перакананы, што галоўнай задачай аховы працы на любым прадпрыемстве з’яўляецца захаванне жыцця і здароўя чалавека. Менавіта таму ў прыярытэце аховы працы на прадпрыемстве з’яўляецца захаванне гэтых каштоўнасцяў шляхам прадухілення вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў. Каб гаспадарка і далей развівалася, для людзей, якія працуюць, павінны быць створаны бяспечныя камфортныя ўмовы працы. Кіраўнік расказаў, што ў мінулым годзе на стварэнне бяспечных умоў працы, на ўдасканаленне тэхнічнага абсталявання і механізаванага парку, тэхналогій, закупку спецвопраткі, абутку, сродкаў індывідуальнай абароны было накіравана больш за тры з паловай мільёнаў рублёў.
– Работу ў любой галіне сельскай гаспадаркі нельга назваць бяспечнай, таму неабходна жорсткае выкананне ўсіх патрабаванняў, звязаных з аховай працы. На нашым сельгаспрадпрыемстве працуе больш за 320 чалавек. І ўсе, ад старшыні да слесара і жывёлавода, нацэлены на адзін вынік — працаваць неабходна так, каб вытворчы траўматызм звесці да нуля, — падкрэсліў кіраўнік.
Галоўны ўрач ЦРБ Данута Скварада расказала пра сістэмную работу, накіраваную на ахову працы ўстановы аховы здароўя:
– У нашай арганізацыі 237 чалавек працуюць у шкодных або небяспечных ўмовах працы. На паляпшэнне ўмоў і ахову працы было выдаткавана больш 350 тыс. рублёў. Грашовыя сродкі затрачваліся на рамонт (рэканструкцыю) вытворчых памяшканняў бальніцы і паліклінікі, замену або мадэрнізацыю вытворчага абсталявання, тэхнічнае абслугоўванне і агляд абсталявання, набыццё сродкаў індывідуальнай абароны, матэрыяльнае стымуляванне работнікаў за забеспячэнне патрабаванняў аховы працы, кампенсацыю па ўмовах працы, забеспячэнне пажарнай бяспекі ва ўстанове.
Медыцынскія работнікі і работнікі гаспадарчай службы забяспечваюцца рабочым адзеннем і сродкамі індывідуальнай абароны, на набыццё якіх было затрачана 6,9 тыс. рублёў. Ва ўсіх структурных падраздзяленнях установы вядуцца журналы кантролю за выкананнем патрабаванняў па ахове працы. У ажыццяўленні кантролю прымаюць удзел кіраўнікі структурных падраздзяленняў, грамадскія інспектары па ахове працы ( іх у арганізацыі 17), інжынер па ахове працы.
Стварэнне бяспечных умоў працы нашых работнікаў — адно з найважнейшых пытанняў, якое вырашаецца ў цесным узаемадзеянні адміністрацыі ўстановы аховы здароўя і прафкама, бо толькі сумеснымі намаганнямі можна дасягнуць вынікаў у любых напрамках работы, у тым ліку не дапусціць выпадкаў вытворчага траўматызму. Перамога нашай установы ў аглядзе-конкурсе, прысваенне ёй звання лепшай арганізацыі раёна па ахове працы – яркае сведчанне паспяховага сацыяльнага партнёрства.
Кацярына КУКАНАВА






