Па ініцыятыве галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама галоўныя пазаштатныя спецыялісты, вопытныя ўрачы-практыкі ў тэрапіі, кардыялогіі, неўралогіі, афтальмалогіі, ультрагукавой дыягностыцы праводзяць комплекснае абследаванне стану здароўя ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. 10 красавіка кансультацыі абласных медыкаў атрымалі і нашы ветэраны.
Першы візіт адбыўся ў пансіянат “Івушка”, што ў аграгарадку Жухавічы. Тут пражывае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Вольга Іосіфаўна Хіневіч. Падчас вайны яна была сувязной брыгады “Камсамолец” атрада імя М. І. Калініна. Брыгада дзейнічала на тэрыторыі Гарадзішчанскага і Навамышскага раёнаў Баранавіцкай вобласці.
Ветэрана вайны Надзею Пятроўну Кужалевіч з г.п. Карэлічы абласная брыгада медыкаў наведала на даму.
Неўролаг, узіст, афтальмолаг, кардыёлаг і доктар агульнай медыцынскай практыкі не выпускаюць ні адной дэталі пры аглядзе: што турбуе і як часта, якія прэпараты прымаюць пацыенты і ці праводзіліся хірургічныя ўмяшанні – усе гэтыя пытанні абавязковыя, каб назначыць правільнае лячэнне і даць кваліфікаваную дапамогу.
Жанчыны-ветэраны дзякавалі медыкам за клопат пра іх здароўе, а дзяржаве — за пастаянную ўвагу і падтрымку, павагу і ацэнку іх баявых і працоўных подзвігаў у ваенныя гады.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара






