17 красавіка ў Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры прадэманстравана дакументальная дылогія «Лагеря смерти» і «Сожженные деревни» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».
Глядзець кінастужку немагчыма без слёз на вачах. Сэрца сціскаецца ад таго, колькі перажылі і зведалі пакут людзі падчас вайны. Шмат мужнасці ў кожным з іх і жадання жыць і перамагчы ворага.
Прайшло восемдзесят гадоў. Няшмат засталося сведак тых страшных падзей, а тэма працягвае хваляваць. Інакш не было б такой запоўненай залы. У гэты дзень вучні сярэдняй школы № 1 райцэнтра выказалі жаданне паглядець дакументальную дылогію. Позіркі дзяўчынак і хлопчыкаў былі скіраваны на экран — уважліва сачылі за падзеямі далёкай вайны.
Вайна. Яна ніколі не павінна паўтарыцца, менавіта таму фільм павінен убачыць кожны. Жыццё — найкаштоўнейшы дар, а чалавек — яго творца. Усе нашы мары — аб міры на зямлі.
Піліп ГАНЧАР, вучань 6″Б» класа сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы:
— Я праглядзеў кінастужку і вельмі ўразіла тое, як наш
беларускі народ прайшоў усе гэтыя выпрабаванні, але не здаўся. Мне нялёгка было глядзець пра тое, як людзі пакутавалі. Лічу, што нам абавязкова трэба захаваць гэта ў сэрцы, каб нічыя кроў больш не пралілася. Гэты фільм паказаў мне такія рысы характару, як мужнасць, адвагу, стойкасць, вынослівасць і любоў да Радзімы.
Дар’я БАРАБАН, вучаніца 6″Б» класа сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы:
— Паглядзела фільм і даведалася яшчэ больш пра вайну. Лічу, што кожны павінен паглядзець гэты фільм, каб адчуць усё тое, што адбывалася на вайне. Вайна — гэта трагедыя, пакуты, слёзы, боль, страх. І мы павінны зрабіць усё магчымае, каб захаваць мір на зямлі.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ






