Хрыстос Уваскрос Аллелюя! Сапраўды Ўваскрос Аллелюя!

Браты і сёстры ў Хрысце, любячыя парафіяне, паважаныя жыхары Карэліцкага раёна. Сённяшняя Урачыстасць з’яўляецца для кожнага хрысціяніна крыніцай веры і надзеі. Смерць для чалавека з’яўляецца вялікай трагедыяй, бо адбірае ў нас магчымасць жыць і радавацца жыццю, і прыносіць смутак і расчараванне, усё гэта прычына нашага граху. Ведаем, што кожнае жыццё святое, яно дадзена нам ад Бога, і Бог не хоча гэтае жыццё адбіраць. Чалавек — гэта падабенства Бога, а Бог не хоча крыўдзіць сваё аблічча, бо Ён ёсць любоў, а любоў не крыўдзіць, толькі лечыць. Для гэтага Бог спаслаў на зямлю Збаўцу Свайго Сына Езуса Хрыста з місіяй па ўратаванні чалавека ад граху і смерці. Кожная місія па ўратаванні чалавека вельмі цяжкая і небяспечная, кожны, хто працуе ратаўніком, ведае, што гэта місія можа быць для яго апошняй, бо ёсць магчымасць, што трэба будзе аддаць сваё жыццё дзеля другога чалавека. Так і зрабіў наш Пан, Езус Хрыстус, аддаў сваё жыццё дзеля ўратавання чалавецтва. Гэтая ахвяра прынесла магчымасць кожнаму чалавеку жыць вечна. Ведаем, што ад смерці нам не ўцячы, усяроўна яна да нас прыйдзе і другі чалавек нам не дапаможа пазбегнуць яе. Але ёсць Езус, які адзіны, хто памёр і уваскрос, паўстаў з мёртвых, нікому гэта не ўдалося, толькі Яму. Для гэтага варта мець з ім кантакт, бо толькі ён зможа дапамагчы нам у апошняй хвіліне нашага жыцця – не памерці на векі вечныя. Ён адзіны, хто мае ўладу над смерцю, бо паканаў яе на дрэве Крыжа.
Кожнае дзіця ведае, калі ёсць нейкая надзвычайная сітуацыя, напрыклад, пажар, трэба званіць па нумары 101. Таксама і да Бога ёсць спецыяльны нумар – гэта нашая малітва. Толькі дзякуючы малітве мы можам дазваніцца да неба, дзе чакае нас Збаўца Езус, які гатоў дзеля збаўлення чалавека нават аддаць сваё жыццё і гэта Ён пацвердзіў больш чым 2000 год таму, калі пайшоў дабравольна на крыж замест злачынцы. Для гэтага нам патрэбна навучыцца на памяць “нумар тэлефона” да Бога, каб у цяжкай сітуацыі нашага жыцця ведаць, куды званіць, бо кожная хвіліна на вагу золата. Адзіны паратунак для чалавека – гэта Бог, бо ад Яго залежыць нашая будучыня. Сёння ты на зямлі, а заўтра дзе будзеш? Не змарнуйце сваё жыццё, яно ў нас адно, так як і будучыня ў нас адна: ці ў нябеснай радасці, ці ў муках пякельных. Выбар залежыць ад цябе, і табе вырашаць, дзе хочаш правесці сваю будучыню. Бог кладзе перад намі жыццё і смерць, благаслаўленне і праклён і просіць нас, каб мы выбіралі жыццё і да гэтага жыцця вялі сябе і нашых блізкіх. Хрыстус — апошняя надзея на жыццё вечнае, трымайцеся за Яго моцна і не адпускайце! Толькі так мы можам пераадолець усё, што чакае нас на жыццёвым шляху.
Жадаем вам, каб ні колі не трацілі ў сваім жыцці веру, надзею і любоў. Каб заўсёды памяталі, што Бог блізка нас і чакае, каб нам дапамагчы ў нашых цяжкасцях. Няхай супакой і радасць пануюць у вашых сэрцах, няхай Божае благаслаўленне завітае ў вашыя хаты. Адвагі, Бог перамог грэх і смерць, нам няма чаго баяцца, з намі ёсць Хрыстус. Няхай Бог благаслаўляе вас у Імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн. Трывайце ў супакоі Хрыста.
Айцец пробашч Ежы САКОВІЧ і айцец вікарый Сяргей КАЛЮТА






