Сёння немагчыма ўявіць сучаснае жыццё без электрычнасці, і калі здараецца так, што яго па нейкай прычыне няма некалькі гадзін, то здаецца, жыццё спынілася. Дзякуючы працы электраманцёраў у жылыя дамы, дзіцячыя сады і школы, бальніцы і крамы, у офісы і на прадпрыемствы бесперабойна падаецца святло. Аднак іх праца, як правіла, застаецца за кадрам. Між тым, каб не здарылася “канца свету”, як метафарычна называюць аварыйнае адключэнне электраэнергіі, на нябачным фронце электрычных сетак на Карэліччыне працуюць работнікі Карэліцкага раёна электрычных сетак філіяла “Лідскія электрычныя сеткі”, у тым ліку электраманцёры аператыўна-выязных брыгад, як і герой сённяшняга аповеду Сяргей Шымко. Сёлета за высокія дасягненні ў працы і адданасць абранай прафесіі ён занесены на раённую Дошку гонару.
Сяргей Аляксеевіч родам з вёскі Літараўшчына былога Варанчанскага сельсавета. Нарадзіўся ў кастрычніку 1970 года. Скончыў Варанчанскую сярэднюю школу і адразу пайшоў вучыцца ў сталічнае будаўнічае ПТВ-125. Пасля вучобы быў накіраваны на працу ў г. Ялта, адкуль быў прызваны ў рады Узброеных Сіл.
– Адразу пасля арміі вярнуўся ў Ялту, але неяк вельмі цягнула дадому, на маленькую радзіму. Таму прыняў канчатковае рашэнне і прыехаў да бацькоў. Хутка ажаніўся. Некаторы час працаваў у г. Баранавічы ў будаўнічай арганізацыі, а потым пераехалі на радзіму жонкі Святланы, у вёску Варонча. На той час там быў Варанчанскі ўчастак Карэліцкіх раённых электрычных сетак, мне прапанавалі там працу, а потым перавялі ў райцэнтр, – дзеліцца ўспамінамі суразмоўца.
Прафесія электраманцёра не была марай Сяргея Аляксеевіча, але за трыццаць гадоў у прафесіі яна стала для яго любімай справай.
– Праца электраманцёра – гэта не проста фізічная праца і рабочы спрыт. Нам часта даводзіцца вырашаць важныя, часам і экстраныя задачы, думаць, як хутка, але эфектыўна выканаць тое ці іншае заданне. У апошні час стала нашмат цікавей працаваць, таму што ўкараняюцца новыя тэхналогіі, мы іх асвойваем, а гэта магчымасць павысіць свой прафесійны ўзровень, атрымаць больш высокую кваліфікацыю. Неабходна адзначыць, што ў гэтай прафесіі патрэбны асаблівы склад характару: удумлівасць, уседлівасць, каб выконваць карпатлівую працу. Сумна тут таксама ніколі не бывае. Мы кожны дзень як салдаты на перадавой, – патлумачыў Сяргей Аляксеевіч. – Нюансаў у прафесіі шмат, усяго не перадаць. Як і не выказаць словамі пачуццё, якое адчуваеш, калі “напружанне пададзена”. Я ў гэты момант уяўляю мноства светлых вокнаў і ўсмешкі людзей на тварах. І ў тысячны раз разумею: мне пашанцавала ў жыцці і ў выбары прафесіі не памыліўся. Я на сваім месцы.
У калектыве пра Сяргея Аляксеевіча гавораць, што ён надзейны ў працы, нават у цяжкіх умовах захоўвае таварыскі дух, гатовы пры неабходнасці незалежна ад часу сутак, у любое надвор’е выехаць для выканання тэрміновага вытворчага задання.
Такім суразмоўца з’яўляецца і ў жыцці.
Сяргей Аляксеевіч любячы муж і цудоўны гаспадар. Ён выхаваў сына Яўгенія і дачку Анастасію, цешыцца маленькай унучачкай Варварай. У вольны ад працы час любіць пасядзець з вудай на беразе вадаёма.
– А што для Вас галоўнае ў жыцці? – пытаюся ў суразмоўцы.
– Яшчэ ў дзяцінстве бацькі вучылі мяне: “Людзі павінны быць людзьмі: жыць і працаваць добрасумленна, паважаць сябе. Таму што чалавек з самапавагай гэтак жа будзе ставіцца і да ўсіх тых, хто яго акружае. І вядома, трэба дапамагаць адзін аднаму, быць уважлівым да людзей, бо жыццё пралятае вельмі хутка.”
Пажадаем і мы Сяргею Аляксеевічу на працы спакойных безаварыйных працоўных будняў, у сям’і — дабрабыту, узаемапавагі, здароўя блізкім і ўсім мірнага бясхмарнага неба!
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара






