Калектыў Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы правёў свайго роду Дзень адчыненых дзвярэй, у рамках якога студэнты пятага курса педыятрычнага і лячэбнага факультэтаў Гродзенскага медуніверсітэта змаглі пазнаёміцца з умовамі працы і структурай цэнтральнай раённай бальніцы.

Будучых маладых спецыялістаў суправаджала намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце лячэбнага факультэта, дацэнт Людміла Каралёнак.
У хуткім будучым юнакам і дзяўчатам прыйдзецца зрабіць адзін з самых важных і лёсавызначальных выбараў свайго жыцця — вызначыцца з першым месцам працы. Дзякуючы такім выязным прафарыентацыйным сустрэчам, у выпускнікоў з’явіцца шырокае ўяўленне аб будучай прафесіі. Таксама будучыя медыкі могуць напрамую задаць пытанні аб першым працоўным месцы, даведацца, якія спецыялісты найбольш запатрабаваныя ў рэгіёне, убачыць абсталяванне паліклінікі і бальніцы і непасрэдна назіраць працоўныя моманты ва ўстанове аховы здароўя.
Удзельнікаў мерапрыемства вітала галоўны ўрач Карэліцкай ЦРБ Данута Скварада, якая расказала пра структуру бальніцы і яе асноўныя кірункі дзейнасці. У сваёй прамове яна адзначыла, што тут сфарміраваны дружны калектыў, які імкнецца ісці ў нагу з часам і заўсёды рады маладым спецыялістам.

Данута Аляксандраўна правяла экскурсію па ўстанове, пазнаёміла з арганізацыяй працы аддзяленняў бальніцы, з загадчыкамі аддзяленняў і падзялілася планамі на будучыню.
Дванаццаць студэнтаў пазнаёміліся не толькі з паліклінікай, але і з цэнтральнай раённай бальніцай. Медкабінеты, палаты для хворых, наяўнае абсталяванне — усё стала аб’ектам пільнай увагі. А яшчэ — жывыя зносіны з практыкуючымі ўрачамі, якія некалі таксама былі студэнтамі.
Як адзначаюць самі студэнты, прафарыентацыйная работа ў такім выязным фармаце дазваляе будучаму маладому спецыялісту ўбачыць працу практычнага звяна і атрымаць адказы на жыццёвыя пытанні. Напрыклад, даведацца, ці прадастаўляецца месца ў інтэрнаце, як арганізавана прафсаюзная праца з моладдзю, якая інфраструктура рэгіёна.

Развітваючыся з моладдзю, галоўны урач Данута Скварада падкрэсліла, што ў райцэнтры створаны ўсе ўмовы, каб маладыя спецыялісты адчувалі сябе ўпэўнена і камфортна.

— Нашы дзверы для кожнага з вас адчынены, і мы будзем рады, калі ў якасці першага месца працы вы выберыце менавіта Карэліцкую ЦРБ. Тут замацуецеся і працягнеце працаваць у нашым краі. У нас створаны ўсе ўмовы для годнай працы. Тут ёсць прафесіяналы сваёй справы, ёсць магчымасць пераняць вопыт у калег. Падводзячы вынікі сустрэчы, кіраўнік групы падзякаваў адміністрацыі Карэліцкай ЦРБ за цёплы прыём.
Завяршыўся візіт будучых медыкаў на Карэліччыну ўскладаннем кветак да мемарыяльнага комплексу “Звязда” і наведваннем Мірскага замка.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара






