Не патрэбна ніякаму часу вайна!
Не патрэбна і нашаму веку!
Л. Воранава
Менавіта такімі словамі пачаўся Урок Мужнасці ў 8 “Б” класе ДУА “Сярэдняя школа №2 г. п. Карэлічы”.

Уступнае слова настаўніка было скіравана на стварэнне святочнай атмасферы , бо 9 Мая – важная дата для ўсіх беларусаў. Сапраўды, Дзень Перамогі – дзень памяці, глыбокай павагі і ўдзячнасці тым, хто змагаўся з ворагам. 9 Мая 1945 года, 80 гадоў назад, савецкі народ атрымаў перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, якая працягвалася 1418 дзён і начэй.


З кожным годам усё менш застаецца жывых сведкаў тых страшных падзей, таму абавязак кожнага з нас – беражліва захоўваць гістарычную праўду.
Асноўны этап быў пабудаваны на “Кнізе Мужнасці”, якую васьмікласнікі пераліствалі ўважліва. Менавіта “Кніга Мужнасці” дапамагла знайсці адказ на пытанне, чаму так важна захаваць гістарычную памяць. Важным этапам Урока стала абмеркаванне інфармацыі, выказванні ўласных меркаванняў аб укладзе беларускага народа ў Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Пранікнёна і з пачуццём гонару расказвалі вучні пра сваіх сваякоў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны: Башко Анатолія Максімавіча і Машчара Васілія Антонавіча. З вялікім хваляваннем пісалі “Пісьмо прадзеду”, у якім дзякавалі за подзвіг, мужнасць і працу.


Напрыканцы вучні прыйшлі да высновы, што свята 9 Мая – светлае, радаснае свята “са слязьмі на вачах”. Гэта дзень глыбокай павагі і ўдзячнасці тым, хто набліжаў Вялікую Перамогу.
Вялікае значэнне мела Мінута Маўчання. Вучні ўшанавалі ўсіх, хто загінуў у гады ліхалецця.

Я ўпэўнена: Урок Мужнасці садзейнічаў усведамленню вучнямі каштоўнасці міру на Зямлі, неабходнасці захавання гістарычнай памяці.
Усіх перапаўняе пачуццё гонару за гераічнае мінулае Радзімы.
Марына Горбач, класны кіраўнік 8 “Б” класа ДУА “Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы”






