Варта трохі ад’ехаць ад райцэнтра, і ў паветры адразу адчуваецца водар свежаскошанай травы. Здаецца, толькі адсеяліся, а ўжо прыйшоў час нарыхтоўкі кармоў. Нарыхтоўка сенажу для сельскагаспадарчага пагалоўя – адна з першарадных задач, якая стаіць сёння перад аграрыямі раёна. Каб зімоўка жывёлы прайшла без праблем, трэба добра папрацаваць вясной і летам.
Днямі пабывалі ў ДП “Племзавод Карэлічы”, дзе пад першы ўкос адведзена каля 545 гектараў.
Па словах дырэктара Васілія Ляўковіча, травы добрыя, у асноўным, люцэрна, канюшына і зернебабовыя. Усе з высокім утрыманнем бялку, што з’яўляецца выдатнай кармавой базай для жывёлы: будуць і малако, і прывагі.
– Усе работы па раслінаводстве і нарыхтоўцы кармоў у першую чаргу нацэлены на развіццё жывёлагадоўлі. Нам важна забяспечыць буйную рагатую жывёлу якасным кормам, – акцэнтуе ўвагу Васілій Ляўковіч. – Таму нарыхтаваныя кармы павінны быць высокаэнергетычнымі і пажыўнымі.
Зладжаная і якасная праца ў сельгасарганізацыі залежыць не толькі ад тэхналогіі працы, але і ад згуртаванага дружнага калектыву. На нарыхтоўцы кармоў задзейнічаны 10 адзінак тэхнікі і самыя вопытныя механізатары.
Вось ужо 32 гады Сяргей Лагута шчыруе на палях сельскагаспадарчага прадпрыемства. Механізатар ужо другі сезон працуе на кормаўборачным камбайне JAGUAR-860 кампаніі CLAAS і ўжо паспеў ацаніць камфорт і высокую прадукцыйнасць машыны.
– Праца ў сельскіх працаўнікоў няпростая, – лічыць Сяргей Уладзіміравіч. – Напружана працуем пачынаючы з пасяўной і аж да позняй восені, бо добра разумеем, што ад нашай працы залежыць харчовая бяспека і дабрабыт не толькі гаспадаркі, але краіны. Актыўны і працавіты вадзіцель Леанід Мураўскі. Ён працуе ў гаспадарцы 16 гадоў.
– Добра працаваць дапамагае жаданне дасягнуць новых вышынь, – дзеліцца ён. – Трэба імкнуцца быць у шэрагу лепшых. У нас шмат такіх: адзін стараецца больш і якасна нарыхтаваць, другі – перавезці.
Адданасць абранай справе і імкненне не падвесці сваё прадпрыемства – усё гэта дапамагае механізатарам гаспадаркі якасна выконваць ускладзеныя на іх задачы.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара






